Читать «Дажыць да світання» онлайн - страница 82

Василь Быков

Неўзабаве, аднак, аказалася, што паўзці не лягчэй, можа, нават трудней, чым шкандыбаць на нагах, — лейтэнант дарэшты выдыхся і цяпер падаў ніц. Гэта была бясконцая сляпая барацьба са снегам, але яна ж і мела перавагу перад хадзьбой — не трэба было ўставаць на ногі, што ашчаджала рэшту яго зусім ужо малой сілы. І ён гроб, заміраў на снезе і зноў гроб, пакуль хапала паветра ў лёгкіх. Увесь яго шлях складаўся цяпер з гэтага раз'юшанага капання ў снезе і працяглых прамежкаў паўзабыцця. Але свядомасць усё ж не выключалася надоўга, яна жыла мэтай яго апошніх хвілін і ўладарна дыктавала сваю волю пакутнаму яго целу.

Грудзі яго раздзіраў кашаль, але ён не мог ні ўздыхнуць, ні адкашляцца — ён баяўся прыступу болю, якога ўжо, напэўна, не вытрываў бы. Тым не менш аднойчы кашаль так моцна скалануў яго, што ён, задыхнуўшыся, упаў галавой у снег. Калі ён неяк адкашляўся, дык адчуў на вуснах штось саланавата-цёплае. Ён сплюнуў і выразна ўбачыў на снезе кроў. Намерзлым рукавом маскхалата выцер падбародак, зноў сплюнуў, але кроў усё ішла. На снег з падбародка цёк цёмны няхуткі струменьчык. Зусім ужо знясілены лейтэнант ляжаў на баку, разгублена адчуваючы, як памалу пакідае яго жыццё.

Аднак паляжаўшы так, ён зноў спалохаўся набліжэння найгоршага, хоць і ведаў, што калі-небудзь гэта павінна здарыцца. Але цяпер яго болей займала пытанне: дзе тая дарога? Яму трэба было паспець дабрацца да яе раней, чым яго напаткае смерць. Уся яго барацьба на гэтым полі, па сутнасці, была змаганнем са смерцю — хто абгоніць каго. Мабыць, цяпер яна дагнала яго і ішла па пятах, чакаючы моманту, каб ударыць напэўна.

Але — не! Чорт з ёю, з крывёй, можа, уся не выцеча. Ён адчуваў: штосьці ў ім яшчэ заставалася — калі не сіла, дык, можа, рашучасць. Ён праляжаў паўгадзіны, жуючы і глытаючы снег, каб спыніць кроў, і як быццам спыніў яе. Ад сцюжы крывіла сківіцы, адзервянела ўсё ў роце, але саланаватасць на вуснах знікла. Тады ён памалу, спыняючыся, папоўз далей, цягнучы поруч на поясе адзіную сваю гранату.

Калі са снегавога паўзмроку перад ім выніклі шызыя сілуэты бяроз, ён зразумеў, што гэта дарога і што ён нарэшце і дапоўз да яе. Вялікае напружанне амаль усёй ночы разам апала, у вачах яго памутнела, ён аблёг прастрэленымі грудзьмі на снег у пракапанай ім баразне і заціх, страціўшы прытомнасць…

13

Усё ж ён ачнуўся, зусім адубелы ад марозу, і хутка прыпомніў, дзе ён і што яму трэба. Яго апошняя мэта жыла ў ім, нават калі знікала прытомнасць; ён толькі не ведаў, колькі мінула часу і на што ён здольны яшчэ. У першую хвіліну ён нават спалохаўся, падумаўшы, што спазніўся: над дарогай ляжала цішыня, ніадкуль не далятала ні гуку. У полі мяло, вакол шархацеў вецер, лейтэнанта занесла снегам, рукі яго так змерзлі, што ён не мог паварушыць пальцамі. Але ён памятаў, што павінен успаўзці на дарогу, толькі там яго шлях мог быць скончаны.

Зноў пацягнулася бясконцая барацьба са снегам. Іваноўскі поўз марудна, упарта, па метры ў хвіліну, не больш. Ён ужо так аслабеў, што не мог прыўзняць сябе на локцях і сунуўся па снезе бокам, упіраючыся болей нагамі. Болю ў параненай назе ён чамусьці не чуў — напэўна, там штось адбалела. Затое ў грудзях у яго ўвесь час пякло і паліла, усё там ператварылася ў клубок нестрыванага разбухлага болю. Ён вельмі баяўся, каб зноў не пайшла з горла кроў — адчуваў, што ўсё тады для яго скончыцца, асцерагаўся глыбей уздыхнуць, не мог дазволіць сабе адкашляцца. Ён ашчаджаў прастрэленыя свае лёгкія, як нешта самае неабходнае, ад чаго цалкам залежалі апошнія гадзіны яго жыцця.