Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 7

Вячаслаў Адамчык

— Вот не дадавай жалю,— убачыўшы, як сінія Вайтовічавы вочкі пачырванелі ад слёз, прыгарнуў з-за вуха на цемя свой абшморганы касмык валасоў устрывожана-трапяткі Марцін Ваўчок.— Пачастуй лепей чалавека сваёю капустай. Як на мой смак, так удалася нябось...

Ходзячы па падсуседах і нават з тыдзень пажыўшы ў Алесі, Янка Вайтовіч расказваў усім верасаўцам «пра той свет» — полацкую турму, дзе ён сядзеў і адкуль ужо ўцёк з калоны, якую прыгналі да саставу на станцыі якраз у часе нямецкай бамбёжкі. Усе ламанулі ад цягніка далей, а ён лёг каля вагонаў, падумаўшы, што ад свайго лёсу не ўцячэш, і астаўся жывы — бомбы адна за адною паляцелі туды, куды разам з вартаю пабеглі «заключоныя».

Што там ужо ўчынілася, хто астаўся жывы, хто — не, ведаць пра гэта Вайтовіч пільнай патрэбы не меў, ціхенька шмыгануў у вільготную цемнату і — дай ужо божа ногі! — паджгаў далей ад станцыі...

Ад жонкі з дзецьмі, што аказаліся за Уралам у далёкай Акцюбінскай вобласці, весцяў ніякіх не было.

Вайтовіч схадзіў у павет, спярша да сваёй брыды, што сядзела ва ўсіх управах, а потым праз перакладчыка ўпрасіўся да гебітскамісара — лысаватага тоўстага немца, які ўжо выпісаў паперу, каб вярнулі гумно, а з хатай, што служыла клубам пры цагельні, а цяпер прыдалася для валасной управы, прасіў пачакаць. На хату ў Кашалеўскім лясніцтве выпісалі дрэва. Але будавацца па-належнаму Вайтовіч не стаў. Покуль суд ды справа, перавёз струхлелы ў вуглах ды падвалінах, але яшчэ смалісты, ружаваты, калі трохі абчасаць, старавечны гуменны зруб, накрыў пазычаным акалотам, адгарадзіў сцяною ды настоліў катух з невялікім у чатыры шыбы аконцам. Спілаваныя ў лесе ды абчасаныя склюдам елкі, накрытыя шурпатымі кажухамі кары, засталіся ляжаць сярод двара, чакаючы лепшага і больш спакайнейшага часу.

Але жыць у халодным гумне Вайтовіч не стаў: напытаўшы пусты закутак у доме, дзе кватаравала, а перад прыходам немцаў уцякла сям’я савецкіх чыгуначнікаў, перабраўся ў Дварчаны. Перагораў зіму і ўжо нават нечакана для самога сябе застаўся ў мястэчку: касавокі папоў сын, што трымаў невялікую краму, гандлюючы крыжыкамі, ружанцамі ды свечкамі, падбіў яго ўступіць у хаўрус, аддаўшы баковачку, і Вайтовіч стаў таксама прадаваць розную драбязу, перакупляючы ў Вільні і збываючы ўжо тут, найбольш іголкі, сахарыну, слабыя, як націна, нямецкія цыгарэткі і ўдушлівыя — не ўкурыць егіпецкія цыгары ды дэрмацінавыя з трыма валікамі машынкі круціць, усунуўшы наслінены кавалачак паперы, з нашаткаванага тытуню цвёрдыя, як біркі з веніка, самакруткі. Гэтыя машынкі дзеля забаўкі купляла дварчанская басата ды падшыванцы.

Належнага прыбытку са свайго гандлю Вайтовіч не меў, і трымала ў Дварчанах яго, напэўна ж, не крама, а прысадзіста-таўставатая, з кароткімі крываватымі нагамі ўзбечка, маладая, на гадоў тры ўсяго старэйшая за дачку, што ўцякла з нямецкага лагера і хадзіла па хатах, наймаючыся на розную работу, покуль не прыйшла да Вайтовіча. Узяўшы нібы за наймічку, каб мыла яму бялізну, гатавала, падмятала краму, ён неўзабаве паставіў яе за прылавак памагаць у гандлі, і ўсе пачалі здагадвацца, што стала яна ўжо яго няшлюбнай жонкай.