Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 5

Вячаслаў Адамчык

— Бярыся, данясу,— Міця прысеў, і лейтэнант абхапіў яго шыю рукамі.

На плячах і занёс раненага лейтэнанта дадому. Прытуліўшыся за вуглы, верасаўцы падазрона цікавалі, але падавалі выгляд, што не бачаць, каб не мець дачынення да таго, што рабілася на шарай гадзіне пры кузні. Але счакаўшы, калі Міця вярнуўся, як прасіў лейтэнант, каб забраць мех цукру, што ляжаў у кузаве палутаркі, яго ўжо ўспелі сцішком увалачы. У кабіне, праўда, яшчэ вісеў лейтэнантаў шынель — адзежу са спеху ці не прыкмецілі, ці ўжо збаяліся красці хітраватыя верасаўцы.

Пазней Міця дараваць сабе не мог, што прынёс дадому гэты новы з добрага шчытнага сукна афіцэрскі шынель. Праз яго і прылучылася нечаканая бяда, пад самую ўжо глыбокую восень — верасаўцы акурат дакопвалі картоплі. Міця з бацькам завіхаліся каля паграбка — скідалі з воза мяхі. Шары сляпучы поцемак зацерушыў вуліцу, і да мужчын, наровячы не натрапіць на лішняе вока, ціхенька выйшаў лейтэнант. Ужо, здаецца, і не вельмі кульгаў на раненую ногу. Алесіныя лекі — увар купальніку (гарніку), таго высокага, з жоўтай кветачкай горка-пахучага зелля, што якраз на Купалу цвіце ў лесе, ды скручаная з чыстага лапічка старой, парванай кашулі мякенькая пялюшка-кнот, усаджаная ў ранку, каб выцягвала сукровіцу ды гной,— нябось памаглі. Лейтэнант нават лёгенька адапхнуў старога Корсака, беручыся за мех... Заваждаўшыся з работай, мужчыны і не згледзелі, як з-за гумна сюды шыбаваў рослы, дужы мужчына ў цывільным фрэнчы, падпяразаным шырокім рамянём, на якім вісеў рэвальвер. Гэта быў Юзік Адалінскі — польскі асаднік, што недзе туляўся і раптам вынырнуў камендантам паліцыі — і за ім, трымаючы наперавес вінтоўкі, прыспешвалі яшчэ двое: свінабоеў сынок Тадак Пясэцкі і невядомы Міцю дварчанскі падшыванец. Ва ўсіх трох на левых рукавах бялелі апаскі. Грузавік ціха вуркатаў за вёскаю на шашы.

Міця, схаладзеўшы душою, падумаў, што будуць браць яго, як падумаў, пэўна, і бацька, неяк міжволі падаўшыся наперад, шморгаючы далонямі аб порткі і выціраючы наліплы сыраваты пясок.

Адалінскі, змеціўшы гэта, нават зарагатаў:

— Не, мы спярша забяром камісара...

Пераступаючы аглоблі нагружанага воза, што стаяў каля паграбка, ён цвёрда падышоў да ссутуленага, босага, з падвязанымі шнурочкамі ў галіфэ лейтэнанта, зусім ужо не падобнага да вайсковага чалавека ў Міцевым шарачковым каптаніку і ў бацькавай старой кепачцы.

Тады Міця і вынес, збегаўшы ў хату, гэты новы шынель. Абуцца лейтэнанту не далі. Дазволілі толькі ўвапхнуць пад паху круглы бохан хлеба, які, схапіўшы ў стопцы, на абедзвюх руках трымаў бацька...

Што ён, бацька, каб адвесці ад хаты бяду, зарэгістраваў у магістраце лейтэнанта, Міця дазнаўся потым. А спачатку крыўда і дасада была на старую Такараду, што, пэўна, несумысля, па сваёй бабскай дурноце, трапіўшыся на вуліцы паліцыянтам, падказала, дзе знайсці камісара і дзе жыве савецкі міліцыянер Рэпка. Бо ў той жа вечар Адалінскі з гэтымі смаркачамі яшчэ ездзіў на Прылуцкія хутары шукаць Жэніка Рэпку. Ператросшы хату, гарышча, усе сутарэі ў ёй, яны не дагадаліся адсунуць у сенях дошку, што трымалася на верхнім цвічку: Жэнік збіў з дошак сенцы, зрабіўшы з тыльнага боку дзве сценкі, між якіх і быў яго вузкі, як прайсці бокам, схрон.