Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 29

Вячаслаў Адамчык

— Тады слухай,— той, што стаяў на скамянелай глыбе солі, саскочыў да сцяны, дзе на цвіках вісела адзежа, і адкінуў сівы на дзяружнай падкладцы каптан.— Зрабі во такія кішэні.

Ён пацягнуў да сябе шырокую, спадыспаду падшытую да крыса, чырвона-зялёную, мусіць, ад старой радзюжкі полку.

— Нашто гэта? — Імполь убачыў і на другім крысе клетчатую споднюю кішэню.

— Соль у чом насіцьмеш?

— Досіць і гэтых,— Імполь паляпаў сябе па клубах.

— Гэта калі сабе...

— А каму ж яшчэ?

— Сёння ж сыбота. Трэба ж і па кілішку дзюбнуць. Значыць, трэба... на ўсіх...— сказаў высокі, роўны з Імполем, і азірнуўся на пройму дзвярэй — там паперадзе шахкання, па сточаным сонцам снезе бег косы цень.

Высокі мужчына насцярожана змоўк — у пройме дзвярэй спыніўся Вайтовіч. Худыя шчокі яго гарэлі чырванню, ён, падымаючы вострыя, сутулаватыя плечы, задыхана соп.

— Змарыўся? — падмігнуўшы Імполю, спытаў высокі.

— Пытаеш,— аказаўся другі з цёмнага кутка.— Хіба не чуеш? Ледзьве жывы чалавек.

— Гэта праўда, хлопчыкі, ледзьве жывы,— згадзіўся Вайтовіч, не ведаючы пра тыя жарты, што строілі з яго грузчыкі.— Прыходжу дадому...

— А ты ж казаў, у кантору збегаеш.

— Вот любіш перабіць,— зазлаваў Вайтовіч.— I тутака ў канторы быў, а потым дадому заскочыў, мяшкі во ўзяў,— ён кінуў з-пад пахі скрутак белых перавязаных мяхоў.

— Застаў каго?

— Дзіва што,— перабівалі, не давалі дагаварыць адзін адному і ўжо душыліся ад рогату грузчыкі.

— Вам смех, а я яшчэ адысці не магу...

— Чаго гэта?..— пасур’ёзнеў і пакруціў пальцам у вусе, што нечакана зазвінела, цікаўны Імполь.

— Падыходжу дадому, а там каля брамы — фурманка. Сядзіць нехта сагнуўшыся і ўтуліўшыся ў каўнер. Я подбегам ад брамы ў хату. Чую, і ён, саскочыўшы з саняў, за мною ідзе. Я не азіраючыся — ў калідор. I тут бачу — падазрона варушыцца занавеска... і жонка збялелая стаіць.

— Так хто ж гэта быў? — нецярплівасць разабрала ўжо і тых двух.

— А што, не дагадаліся? — усміхнухся Імполь.

— Няўжо партызаны? Днём, каб ужо хоць на шараку...

— Яны... вунь сядзяць у хаці. Па соль прыехалі,— зноў неяк зяхнуў і задыхнуўся Вайтовіч.— Зараз будуць тут.

— Хіба галавы не маюць... Гэта ж во за складам паліцыя.

— Хлопцы, будзе мне, будзе і вам, а дзявацца няма куды.— Вайтовіч падняў і раскруціў белыя мяхі з чорнымі наштампаванымі нямецкімі арламі.— Насыпай, Імполь.

Тыя ўдвух, выпінаючы губы, з дзівам глядзелі, мусіць, яшчэ не верылі ў тое, што расказаў Вайтовіч, а можа, прыкідвалі, што рабіць далей — бо, праўда, поруч са складам у дварчанскай сінагозе, абнесенай цаглянай высокай сцяною, з леташняй восені стаяла паліцыя — васемнаццаць чалавек, а цераз вуліцу ў двухпавярховым доме з дзвюма драўлянымі калонамі была ўправа, за ёю — у старых парожніх яўрэйскіх дамах — тодаўцы, старыя непаваротныя немцы ў дзюбатых з доўгімі памятымі брылямі шапках, што браліся адбудоўваць спалены тартак, а покуль што ўздоўж чыгункі састаўлялі зялёныя шчытавыя баракі.

Але самае небяспечнае было тое, што сюды мог прыйсці Франц — малады прыгожы з залатой каронкай славак, што пасля Роберта — сівага, у залацістых акулярах немца, ганарыстага і трохі непадступнага, здаваўся мяккім, неблагім чалавекам. Ужо з месяц, як Франц кіраваў дварчанскім аддзелам ЦТО. Гэта яму хітраваты Вайтовіч прывёў у падсуседы ў дагледжаны драўляны дом пад старым каштанам маладзенькую бялявую студэнтку. Тады-сяды яе ўжо бачылі пад ручку з Францам і ў фетравым капялюшыку, з якога звісала дымчатая вуалька ў чорных мушках.