Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 22

Вячаслаў Адамчык

Яна, прамчаўшы з паўвярсты роўнай стралою, раскалолася на вілаватыя канцы,— адзін з якіх цераз чыгунку дасягаў дварчанскіх магілак, другі загінаўся да рэчкі на мост, па якім хадзілі не толькі цягнікі, а і людзі, покуль немцы не выставілі варту. Леташняй восенню там з аскобленых сасновых круглякоў скідалі і абнеслі гэтым драўляным валам, насыпаўшы між падвойных сцен пяску карычневы бункер. Цяпер адзін канец дарогі крута зламаўся, не дабягаючы паўвярсты да чыгуначнага моста, і лукаткамі ішоў пад разложыстыя старыя вербы і алешыны на гнуткую кладку.

Гэтак цяпер і хадзілі — цераз яе, трымаючыся за ненадзейныя крохкія, алехавыя парэнчы, а далей ужо ровам каля крайніх местачковых хат на шашу і таксама да мосціка, толькі ўжо шашэйнага, вымураванага для вясновай паводкі.

Асцярожна, украдкам да крайніх местачковых хат выйшлі яны, трое партызанаў, зняўшы з плячэй і трымаючы напагатове, Жэнік Рэпка — новы, што пах яшчэ заводскаю змазкай і там на заводзе толькі прыстраляны аўтамат, падораны месяц назад за баявыя заслугі, Пашка Лобаў — сваю дзесяцізарадку, якую здабыў сам, калі перад Новым годам яны ўкакошылі на хутарах каля Світазі ажно трох здаравілаў у зеленкаватых шынялях з украінскага батальёна, што прыехалі па сена і авёс для сваіх коней недзе з Гарадзішча.

Трымаў, па-баявому нарыхтаваўшы, саржавелую вінтоўку і прыгінаўся, прыспешваючы крок, за шпаркім, трапяткім і няўгонным Жэнікам Рэпкам рослы Кеша Ярафееў.

— Ну й семафор, цябе за вярсту відаць,— азірнуўся, зашыпеў на цыбатага Кешу і злосна сплюнуў Жэнік Рэпка, першым высоўваючыся з канавы, каб пераскочыць чысты прагал.

Ад гэтага злоснага шыпення Кеша Ярафееў перапудзіўся яшчэ больш, прыгнуўся і, няўклюдна месячы шорсткі, падмерзлы снег, незнарок для сябе і для ўсіх ужо зачапіўся за ўледзянелы дрот, што тырчаў аб’інелаю, незаўважнаю дугою, і расцягнуўся ў канаве.

Убачыўшы, як капошыцца і смешна — ракам устае няспрытны і не вельмі ўдалы Кеша, не стрываў і дробна запырскаў здушаным смехам Пашка Лобаў.

— Хахінькі,— пераскочыў нізкі плоцік і затуліўся за шырокі, з двума камінкамі туалет задыханы, непадступна-грозны Жэнік Рэпка.

За туалетам выцягнуўся невысокі, скіданы з іржава-гнілаватых шпал хлеўчык. Недзе ў ім, учуўшы людзей, дробненька замігікала каза.

З правага боку бялелі атынкованыя, з чорнымі толевымі прасмоленымі дахамі, на якіх доўга не трымаецца і растае снег, дамы дварчанскай чыгункі, занятыя цяпер невядомым людам — пагарэльцамі, бежанцамі, сем’ямі паліцыянтаў з чыгуначнай аховы. Закрытыя аканіцамі, завешаныя шчыльна дзяружкамі вокны хавалі таямнічую глухату.

За дамамі з навіссю голых дрэў падымала кроквы спаленае летась увосень і ўжо адбудаванае з блокаў дэпо вузкай калейкі — немцы зноў збіраліся пусціць яе з Дварчанаў у Наваградак, і таму ўздоўж чыгункі па вёсках пачалі размяшчацца на пастой казацкія сотні з арміі паходнага атамана Паўлава.

Арганізаванае на Доне і добра падмацаванае палоннымі, казацкае войска ў шэсць тысяч шабель недзе ўжо з Украіны перакідвалася сюды, на Наваградчыну.