Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 2

Вячаслаў Адамчык

Адбегчыся далёка ад парога яна не паспела: нібы незнарок спатыкнуўшыся, упала ўжо на гэты мех сама і блізка ад галаватага трохгадовага хлопчыка ў даўгаватай кужэльнай кашульцы. Ён, нічога не ведаючы, ціхенька падпоўз да яе, абыякава-маўклівай і нерухомай, з невялікаю зусім, здаецца, несмяртэльнаю ранкаю пад вухам.

Гэта была стрыечная Алесіна сястра — Ірэна, на хрэсьбінах у якой Алеся, не стрываўшы рэўнасці, ды бабскіх зайздросных абгавораў, ды падазроных зіркаў, рашылася на страшны грэх — пабегла пад поезд. Але смерць прыйшла не да таго, хто яе шукае...

Хавалі Ірэну, не наказваючы сваякам ды радні, каля крыжа пры вёсцы, бо хто ж павязе нябожчыцу ў такую калатэчу на далёкія могілкі? Хавалі разам з суседам, старым чалавекам, што ўздумаў схавацца ад куль ды снарадаў, прыхінуўшыся да печы, але тут ужо, як знарок, як на тое ішло, снарад якраз ударыў у комін. Смяртэльна параненага асколкам у голаў, старога паспелі выцягнуць толькі за парог на пляскаты камень, дзе яго труп абгарэў, скурчыўся і зрабіўся падобны да корча. Распазнаць у ім чалавека было немагчыма. Хавалі яго ўжо не ў труне, а ў вялікай, збітай з дошак скрыні.

Нечакана страшная весць пра спаленыя Ведравічы да Алесі дайшла на другі дзень, а пра тое, што забіла Ірэну — праз тыдзень, калі ў Верасава прыехаў пажаліцца ды папрасіць якое помачы ўжо зусім раскіслы і заплаканы па-бабску Ірэнін мужык. Алесі і шкада яго было калеку (няма ж аднае рукі), а цяпер у дадатак яшчэ ўдаўца ў дваццаць сем год. Але плакаў ён усяго месяцы са два, на трэцім прывёўшы, нават ужо без вянца, заседжаную ў дзеўках, на адзінаццаць год старэйшую за сябе і нейкую нават далёкую сваячку, непрыгожую і маўклівую, як ýпыр...

Пачарнелыя, раздутыя, як горы, трупы байцоў, на якіх ляжалі скіданыя накрыж вінтоўкі, ніхто ў тыя першыя дні не хаваў. З закурэлых шашэйных канаў, са сцежак у збэрсаным жыце цёплы, душны вецер маладога лета нёс саладжава-трупны пах.

Рослы бялявы баец, што наткнуўся на нямецкую аблаву, якая абшуквала хутары, і памкнуўся ўцякаць, падкошаны аўтаматам, зваліўся на верасаўскім лужку, пры перасохлым азярцы, сярод грудаватага поля, і сканаў у сівай асацэ: ранены ў жывот, ён мучыўся, пэўна, доўга, бо, падграбаючы локцем, вытаптаў шырокі круг і застыў, адкінуўшыся на спіну і вышчарыўшы роўныя шчыльныя зубы; твар яго перакасіла страшна балючая грымаса. Гэтакім яго ўбачыў Улас Корсак, прыехаўшы на поле ўжо з лапатаю і загадзя вычасаным крыжам, пасля таго, як наказалі хутаранцы, што на яго надзеле ляжыць забіты салдат.

Корсак расшпіліў нагрудную кішэньку ў гімнасцёрцы, выняў чырвоную кніжачку, паўглядаўся на шарай фотакартцы на просты курносы твар, прачытаў рускае нязвыклае прозвішча, засунуў кніжачку назад і, падхапіўшы пад плечы нялёгкага, як кожны нябожчык, коратка стрыжанага, з адтапыранымі вушамі бялявага хлопца, пацягнуў далей ад лужка пад межавы пры дарозе капец — не хаваць жа чалавека на лужку ў макраце. Тут, пры дарозе на грудку, і закапаў, паставіўшы на свежай магілцы збіты з старых, але пагабляваных аполкаў невысокі крыж.