Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 180
Вячаслаў Адамчык
Міця баязліва падняў ногу, каб пераступіць бясхвостае, яшчэ ў дымным пушку, кволае пташаня, і ў гэты міг нешта з гарачым хрустам упілося яму пад левую лапатку, і нязносная млявасць, разарваўшы сэрца, сплыла па ўсім целе.
«Штых»,— падумаў ён, ловячы здароваю рукою ялаўцовы куст і не дастаючы да яго. З абодвух бакоў звінючы шум хлынуў у голаў, аглушыўшы свет. Міця яшчэ ступіў крок і ўчуў, як мякка плыве ў глыбокую і бясконцую чарнату.
«Ціліў!» — спуджана адазвалася нядужае цыбатае пташанятка. Але яго ціліўкання Міця ўжо не дачуў.
XXV
Раз за разам, уедліва і скрыпуча, шоргаў адным колам на няроўнай, з раз’езджанымі каляінамі, дарозе перадок ад воза, на якім ляжаў, выцягнуўшы на прывязаных драбінках спруцянела-сіняватыя ногі, бяскроўна-белы і набрынялы ўжо ад гарачыні Міця Корсак.
Узяўшыся абедзвюма рукамі за аглоблі, перадок з цяжкім нябожчыкам, тады-сяды перадыхаючы, цягнуў Імполь: з густых броваў яго, перабліскваючы, капаў пот.
Алеся, глухаватая і нібы сляпая, чуючы толькі навобмацак босымі нагамі цвёрдую, засыпаную жарствою сцежку, што бегла зводдаль каляінаў, ішла далекавата ззаду, нават не адганяла мух, што абсэсам лезлі на бяскроўны, сцяты ў балючай пакуце Міцеў твар.
За ёю, пацялепваючы доўгімі вушамі, бегла старая, не чуткая ўжо, з бяльмом на воку, крывалапая сучачка.
Пасля ранішняй кароткай навальніцы са шчырым патомным дажджом, што пах прэсна-свежай вільгаццю, з блізкім перуном, што пад ружовы водсвет маланкі моцна, з ляскам стрэліў у прыдарожны камень і якога першы ўжо раз за жыццё не баялася Алеся, выясніўся пагодны дзень. Неміласэрна смажыла сінявата-цёмнае, сляпучае сонца, і стаяла густая парнасць.
Едкі пот з лоба сачыўся ў Алесіны вочы, неміласэрна заліваў іх. Шмаргануўшы ад локця рукою, яна раз-пораз сцірала яго і маўкліва ішла, адрошаная ад свету, і не могучы ніяк перагораць ды абняць розумам усяго, што прылучылася за астатнія дні: пазаўчора нечакана і нейкі як сам не свой, нібы пакусаны, з пакалечанай нагою сабака, што сыходзіў з дому, вярнуўся ў Верасава Імполь. Пэўна, баяўся, што Алеся не прыме яго і таму, маўкліва тулячыся, хаваў ад яе свае вочы.
А ўчора ўжо, якраз у гэтакі самы гарачы полудзень, прыбегла дадому, да свае мацеры патайная Ганначка і, асцерагаючыся сустрэцца з Алесяю, наказала, што ў маладым хвойніку, у ровішчах за Янавам ляжыць замардованы Міця.
Хто і як забіў яго — утаіла, хоць пэўна ж ведала, але пабойвалася сказаць, прагаварыўшыся адно, што ўцякаў дадому і зайшоў да яе змяніць адзежу, бо ў хаце астаўся яго мундур і новыя салдацкія, з падкоўкамі, чаравікі.
Алеся, скамянеўшы ад гора і не звёўшы вока цэлую ноч, наранкі прыбегла да Ваўчковай Волькі і папрасіла папільнаваць хлопца, а заадно і зіркнуць ужо на хату, упусціць у хлеў ды падаіць карову.
Плакала ўжо тут разам з Вольгаю, завёўшы ў адзін голас. А потым яшчэ і на глухім, што пачынаў зарастаць спарышнікам, бацькавым надворку. Пастаяла на сіняватым пляскатым камені, што ляжаў каля парога роднай і такой ужо пачужэлай, смутнай хаты, з якой два тыдні назад выбраліся казакі, забраўшы і бацькавага каня, і карову, і падсвінкаў, і захлынулася слязьмі, пазіраючы на выбітую шыбу акна, на пугу, што вісела на цвіку пры вугле хаты, на рамку пабітага і выкінутага за плот мамінага яшчэ вянчальнага абраза. Камянеючы ад усяго, падумала ўжо са страшнай гаркатою: вось не патрэбныя нікому ні зямля, ні хата, ні гэты вянчальны абраз...