Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 179
Вячаслаў Адамчык
— Выходзь, падлюга! — Рэпка трасянуў галавою і заплюшчыў сінія, зацягнутыя блішчастай вільгаццю вочы.
— Нікуды не пайду,— як мог спакойна сказаў Міця, чуючы ўжо, як замірае ўсё ў душы.
Холад страху, нібы скразняк, абвеяў усяго, што смерць будзе тут, пры гэтым лесе, пры гэтай чужой вёсачцы. Так неспадзявана... Для сябе і для яе, для Чэсі. Як усё скончылася: радасць кахання, сонца, увесь свет. Так горка і так крыўдна, што смерць прыходзіць ад свайго. Няўжо смерць тваю носіць твой блізкі?
— Ідзём, гад, а то выпушчу кішкі тут, каля печы! — куток рота ў Рэпкі расцягнуўся, бліснуў радком белых зубоў.— Шкуру нямецкую на сябе нацягнуў, прадаўся з вантробамі! Думаў, што мінецца ўсё.
Клубок чорнай звар’яцелай злосці перавярнуўся ў Міцевых грудзях:
— Ды пайшоў ты, паршывец!
Нешта бяспамятнае пад’юшчвала і нават салодка зманвала вырваць у гэтага неданоска, курачага выліўка вінтоўку, а там ужо што будзе, а там ужо — бог бацька.
I тут зноў рэзка і нечакана гарачым агнём паласнуў удар. Па правай ужо руцэ, ажно хруснула косць. Якраз вышай костачкі. У Міцевых вачах пырснулі залаціста-чырвоныя, а потым цёмныя іскры. На які міг, быдта пасля зыркай маланкі, хлынула чарната. Міця ледзьве ўстояў, страціўшы, мусіць, на якую хвіліну прытомнасць. Адкрыў вочы, убачыўшы, як плыве, кружыцца ясны правал маленькага акна і пабеленыя, абшморганыя плячмі сцены малой, з нізкай столлю хаты.
На руцэ, што бездапаможна аб’язджала са слупка, шараватае рукаво трыкатажнай кашулі вострым ражком падымала пераломаная косць.
Падскочыўшы ззаду, прыкладам ударыў той самы, з белаватым выгараным чубам і таўставатымі губамі.
Міця знерухомеў, заскрыгатаў зубамі ад болю, помнячы пра адно, каб не рухнуць, не ўпасці тут у хаце. У плечы яго штырханулі. Ён паволі пераступіў парог, разумеючы, што з пакалечанаю рукою яму ўжо не здужаць іх, узброеных і п’яных. Вочы сляпіла сонца, боль адымаў руку, хватаючы ўжо нават за сэрца.
— Сюды, курва! — Міцю штыхом парнулі ў лапатку.
«Бегчы...» — загарэўся ён і абарваў сваю думку: удвух яны, напэўна, не прамахнуцца, пацэляць.
Затравелая сцежка пад навіссю грабніку і гарэшніку крута вілася ўніз: пачынаўся малады ў ружовых стрэлках напараны хвойнік, віхор драў жоўтыя выспы пяску, калыхаў калматы высокі ялавец, бароды жорсткай, падобнай да шаўковай травы, лясной асакі.
Міцева рука здзервянела, аднялася і, здаецца, ужо не служыла зусім.
«Не!.. Покуль магу, трэба не давацца, уцякаць. Во там, дзе пясчаная дарога зварочвае ўбок. Нырнуць у густы, нецярэблены хвойнік».
Міця спыніўся перад абабітым смалістым коранем: на ім сядзела і, пахістваючыся на сінявата-цыбатых ножках, смутна ціўкала жаўтаротае пташаня.