Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 37

Сергей Песецкий

Пяцёрка Барана чакала, калі перашкода знікне. Думалі, што гэта звычайныя мінакі або гуляе сабе хто. Але тыя прайшліся да канца вуліцы павярнулі і такім самым парадкам пайшлі назад.

Гэта паўтарылася некалькі разоў. Федзя Гусар вылаяўся і вярнуўся да Барана:

— Што гэта за халера! Можа, псы?.. Пайду зірну…

— Табе нельга, — запярэчыў Баран, — ты засвечаны… Паніч пойдзе…

Ясь пакінуў Аліку свой пісталет і перайшоў на супрацьлеглы ходнік. Там паволі скіраваўся да людзей, што ішлі яму насустрач. Калі яны размінуліся, недаверліва, але пільна прыглядаючыся ў паўзмроку, у першай тройцы Ясь пазнаў Ігната Кулікоўскага.

— Паніч?! — гукнуў Ігнат.

— Я.

— А там хто? — Ігнат паказаў рукой на супрацьлеглы ходнік.

— Свае хлопцы: Мангол, Гусар і яшчэ двое.

— Што вы тут робіце?

— А вы што?

— Шпацыруем.

— Мы таксама.

На гукі размовы Алік Баран і рэшта яго прыяцеляў перайшлі вуліцу. Сталі гурмой. Пасля кароткай размовы злодзеі зарыентаваліся, што прыйшлі дзвюма групамі на адзін напад. Для іх гэта было дзіўна і камічна. Пасля кароткай нарады вырашылі рабіць гранду разам. Шкада было змарнаванага часу, але яны спадзяваліся, што будзе чым падзяліцца.

Спехам пачалі складаць новы план дзеяння. Ясь павінен быў застацца на вуліцы і пільнаваць калег. Баран, Федзя Гусар, Ігнат і Малыш павінны былі ўвайсці ў кватэру спераду. Рулет пільнаваў падворак і чорны выхад. Пяць чалавек: Антэк Турак, Жарабок, Партач, Міхась Глузд і Ландыш — атрымалі заданне глядзець за сыраварнямі і складамі, каб ніхто з прысутных там работнікаў не выйшаў з двара.

Алік Баран яшчэ дома дамаляваў сабе крыху большыя вусікі і падвёў цені пад вачыма. Акрамя таго, зрабіў зморшчыны ад куткоў вуснаў да барады і наляпіў пластыр на левую шчаку. Ігнат надзеў акуляры і зачасаў валасы нізка на лоб. Падбароддзе ён хаваў у пастаўленым каўняры курткі. Іншыя — хто павінен быў працаваць у кватэры — таксама розным чынам падмянялі твары і адзенне. Федзя Гусар ніякім грымам не карыстаўся. Ён і так быў «засвечаны», таму не пераймаўся, што яго апісанне трапіць у паліцыю.

Гусар пазваніў у пярэднія дзверы. Усе скіраваліся на вызначаныя месцы. Праз пэўны час у кватэры раздаліся крокі, а пасля дзверы прачыніліся.

— Хто там?

— Я з паліцыі! — рэзка сказаў Гусар. — Чаму ў вас паркан ляжыць на ходніку? Гаспадар дома?

— Няма.

— А гаспадыня?

— Гаспадыня ёсць.

— Калі ласка, адчыніце дзверы. Трэба скласці пратакол.

Бразнуў ланцуг, і дзверы адчыніліся. Чацвёра бандытаў увайшлі ў сярэдзіну. Баран замкнуў дзверы на ключ. Федзя Гусар, Ігнат і Малыш ішлі за служанкай. Зброю ніхто не даставаў, хоць кожны і трымаў яе напагатове. Дасведчаныя бандыты ведаюць, што ад выгляду зброі з жанчынамі могуць здарыцца прыпадкі гістэрыкі, а гэта перашкаджае працаваць. Адразу ж сабралі ўсіх сямейнікаў у сталовым пакоі. Там было сем чалавек: двое дзяцей, адзін мужчына, дзве служанкі, гаспадыня і ейная дачка..