Читать «Вайсковае евангелле (Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты)» онлайн - страница 22

Язэп Палубятка

6.3/ Ля афіцэрскіх домікаў адшукаў некалькі градаў бульбы. Прыгатаваў сняданак ды прытупіў голад.

6.4/ Адзін з вучэбных класаў адвёў сабе пад жыллё. Са зламанай мэблі выбраў сабе штосьці прыдатнае да ўжытку. Над ложкам змясціў "Пагоню”.

6.5/ У Ленінскім пакоі адшукаў рознакаляровыя кавалкі матэрыі, пашыў бел-чырвона-белы сцяг і ўзняў яго над будынкам былога штаба.

6.6/ Цяжка было кантраляваць сябе некалькі дзён напачатку. Надалей радавы Лабута прызвычаіўся ды выконваў распарадак адпаведна вайсковаму статуту.

ГОРКІ СМАК ЧУЖОЙ ЛАСКІ

7.1/ Нечакана на аб'ект прыехаў сам камандзір вайсковай часці. Ён суправаджаў нейкага генерала.

7.2/ Радавы Лабута сустрэў іх ля КПП, дзе таксама вывесіў герб “Пагоня” і як след адрапартаваў.

7.3/ Генерал агледзеў усе пабудовы, заглянуў ва ўсе закуточкі, пацікавіўся бытам салдата і ўсім застаўся задаволены.

7.4/ 3 той нагоды быў задаволены і камандзір вайсковай часці ды пачаў выхваляцца перад генералам: "Вось якія ў мяне салдаты, таварыш генерал. Дысцыплінаваныя, выхаваныя ў рамках вайсковага статута, і нават без камандзірскага нагляду выконваюць яго. Сапраўдныя патрыёты сваёй Бацькаўшчыны. Такіх у нас большасць”.

7.5/ Генерал аддзячыў радавога Лабуту за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў пазачарговым водпускам.

7.6/ Ад казённых сухіх ды абыякавых слоў генерала ў вайскоўца вочы поўніліся слязьмі і хацелася проста лаяцца самымі брыдкімі, самымі апошнімі словамі.

7.7/ Міхась стрымаў свой гнеў і толькі скрозь зубы выціснуў з сябе "Служу Айчыне!”

7.8/ Камандзір вайсковай часці загадаў салдату збіраць свае пажыткі ды ехаць на месца былой службы.

7.9/ Не было ніякага жадання вяртацца назад. Душою ён прыкіпеў да гэтых пустых казармаў.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ (АПОШНІ)

НЯЎМОЛЬНЫ ЧАС

1.1/ У часці радавы Лабута не змяніў сваіх паводзінаў.

1.2/ Начальства пра абяцаны водпуск забыла на наступны дзень. Пацягнуліся звычайныя вайсковыя будні, нічым асаблівым не рознячыся ад першага дня службы.

1.3/ Неяк зусім нечакана тэрмін службы пераваліў на другую палову. У падраздзяленні з'явілася чарговае маладое папаўненне.

1.4/ Аднапрызыўнікі згубілі падтрымку старэйшых і распачалі ставіцца да Лабуты як да роўнага. Кпілі не так балюча.

1.5/ “Салагі” ставіліся да беларускамоўнага салдата насцярожана-падазрона, але слухаліся.

1.6/ Не зважаючы ні на што, час імчаў да “дэмбеля”.

НОВЫЯ СТАСУНКІ

2.1/ Новы час прыносіў новыя змены. Адносіны паміж вайскоўцамі паступова пачалі мяняцца. Маладыя салдаты адчувалі сябе болыи вольна і паводзілі больш нахабна.

2.2/ Аднаго разу нават цярплівы Міхась Лабута не вытрываў. Навабранцу Каспяровічу, што абразліва выказаўся пра беларускую мову, даў добрага кухталя. Усе стараслужачыя з ім пагадзіліся.

2.3/ Малады салдат адразу паскардзіўся камандзіру.

2.4/ I казаў яму новы камандзір: "Ты ўвесь час дамагаешся справядлівасці, праўды, патрабуеш годнасці і няведама яшчэ чаго. А вось тут і праявіўся твой салдацка-жывёльны інстынкт і кулак вырашае ўсе праблемы. Так ці не?”