Читать «Вайсковае евангелле (Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты)» онлайн - страница 21

Язэп Палубятка

3.10/ Наўкола была большасць беларусаў, і размаўлялі яны выключна на трасянцы, але чыстае беларускае мовы не паважалі. Цураліся ўсяго беларускага.

УСЁ ВЯРТАЕЦЦА НА КРУГІ СВАЯ

4.1/ Афіцэры службаю асабліва не даймалі, бо лічылі, што ён сваяк Берагавога. Стараслужачыя з той нагоды цярпелі яго ды не прызначалі да непатрэбнай працы. Простыя салдаты не сябравалі — лічылі дзіваком ды бэнээфаўцам.

4.2/ Праз два месяцы капітана Берагавога звольнілі з войска. Сталася тое так. Выклікаў камандзіра роты сам міністр абароны беларускай дзяржавы ды прапанаваў: “Ці ты ўласнаручна пішаш рапарт на звальненне і атрымліваеш кватэру, дзе пажадаеш, ці мы цябе "замурыжым” праверкамі ды ў рэшце рэшт звольнім з войска без пенсіі”.

4.3/ Не меў вайсковец да гэтага часу сталае кватэры і вымушаны быў прыняць прапанову.

4.4/ I застаўся радавы Лабута сярод беларусаў адзін. Становішча яго ўмомант змянілася.

4.5/ Прапаршчык Купанковіч на наступны ж дзень перад шыхтам салдатаў кпіў з беларускасці радавога.

4.6/ Камандзір узвода аб'явіў трое сутак арышту невядома за што.

4.7/ Стараслужачыя пачалі прымушаць яго, як маладых салдатаў, чысціць зброю ды выконваць іншую працу.

4.8/ Так доўжылася тры месяцы.

4.9/ За гэты тэрмін зніклі беларускамоўныя надпісы ў роце.

4.10/ За невыкананне задания сяржант Філіповіч пачаў біць Міхася прыкладам аўтамата па галаве. Хлопец закрываў галаву рукамі, і сяржант параніў яго. Салдат пайшоў у медпункт, але па дарозе яго перапыніў камандзір узвода. Пра гэты выпадак яму ўжо пераказалі. Ён вярнуў Лабуту ў казарму ды загадаў маўчаць.

4.11/ Рана была глыбокая. Сплыло шмат крыві, і ў рэшце рэшт яго вымушаны былі змясціць у шпіталь.

4.12/ Здарэннем занялася вайсковая пракуратура, але гэтую судовую справу чамусьці хутка закрылі.

ВЫГНАННЕ

5.1/ Радавога Лабуту адразу пасля шпіталя накіравалі на "кропку”.

5.2/ Пасярод неасушанай палескай твані знаходзілася невялічкая выспа. У густым хмызнячку стаялі казармы ды іншыя пабудовы вайсковай часці, што з'ехала ў Расію.

5.3/ Салдату было загадана ахоўваць ад рабавання неіснуючую маёмасць неіснуючай вайсковай базы.

5.4/ Сухі паёк быў выдадзены на тры дні.

5.5/ Ніхто не прыехаў і на чацвёрты дзень. Вымушаны быў пайсці збіраць шчаўе ды ягады. Не стаў галіцца. Праз некалькі дзён перастаў умывацца.

5.6/ Дзесяць дзён прайшло. Ніхто не наведваўся на гэты вайсковы аб'ект. Не правяраў яго. Не вёз харчаванне.

5.7/ Ягадаў гэтым летам было мала. Міхась усе дні бадзяўся па пустых казармах у надзеі здабыць хоць нейкую спажыву.

5.8/ Лабута згубіў лік дням свайго знаходжання тут. Згубіў чалавечае аблічча, нават надзею.

5.9/ На чатырнаццаты дзень знаходжання на “кропцы” ў яго пачаліся галодныя мроі.

5.10/ І пабачыўся яму капітан Берагавы, што сурова ды грозна казаў радавому Лабуце: “Парася ты няшкрэбанае, на каго ты падобны стаў? Навошта беларусаў ганьбіш?”

УЗЫХОДЖАННЕ

6.1/ Найпершым чынам радавы Лабута прывёў сябе да належнага выгляду - пагаліўся, памыўся, пачысціў апратку, наглянцаваў боты, падшыў свежы каўнерык.

6.2/ Пачынаючы з гэтай гадзіны Міхась вырашыў непахісна выконваць распарадак, заведзены ў іх вайсковай часці, нават калі яго ніхто не будзе кантраляваць.