Читать «Вайсковае евангелле (Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты)» онлайн - страница 20

Язэп Палубятка

2.3/ Капітан Берагавы напачатку прайшоў міма, але потым нечакана спыніўся і здзіўлена запытаў: “Лабута, што ты тут робіш?”

2.4/ Былы камандзір зрабіў усё, каб радавы Лабута трапіў у яго падраздзяленне.

2.5/ Наўкола былі чутны размовы пра Савецкую Армію і СССР.

2.6/ Нечакана ў падраздзяленне прыехала камісія Міністэрства Абароны новаўтворанай Рэспублікі Беларусь. Папярэдне лейтэнант Бусловіч даслаў туды рапарт на капітана Берагавога і вінаваціў яго ў нацыяналізме, за тое, што апошні з падначаленымі размаўляе на беларускай мове.

2.7/ Правяраючы даведаўся, што радавы Лабута добра ведае капітана і выклікаў да сябе.

2.8/ “Распавядай мне пра свайго камандзіра!” — запатрабаваў у яго грузны палкоўнік. “Расейскай мовы не разумею”, — згодна свайму прынцыпу адказаў салдат. “Я вас, блядзей, нацыяналістаў, ураз выведу на чыстую ваду”, — зароў вялікі начальнік. “Маскаль, — у сваю чаргу адказаў радавы. — Акупант расійскі". “Я беларус! — пачулася ў адказ. — 3 Наваградчыны родам". “Душою маскаль”.

2.9/ За такую размову радавы Лабута атрымаў пяць сутак арышту.

2.10/ Пасля той праверкі капітан Берагавы запрасіў Лабуту дамоў. Яны пілі спірт. Казаў капітан: “Што мы за народ такі — быдла. Чаму адцураліся бацькаўшчыны... За што няміласць такая беларусу ад беларусаў. Вось звольняць мяне з нашага войска, паеду да Дудаева. I не таму, што не люблю бацькаўшчыну, а таму, што без войска жыць не магу. Там хоць разумеюць — дзяржава моцная нацыянальным войскам".

СВАЕ - ЧУЖЫЯ

3.1/ Новы камандзір узвода лейтэнант Кузьміч, родам са Стаўбцоўшчыны, загадаў сарваць крыж Ярылы з варотаў КПП. Сяржант Мікуліч з Берасцейшчыны з вялікім задавальненнем выканаў загад.

3.2/ Прапаршчык Куланковіч на сваім "чыста рюскам” лямантаваў перад шыхтам салдат: “На х... я бачыў гэтую Беларусь. Я — сын Савецкага Саюза”.

3.3/ "Вы, таварыш прапаршчык, байструк ці як?” — не сцярпеў радавы Лабута. Старшына раззлаваўся і ўдарыў яго кулаком у твар: "Я гэтую бляцкую беларушчыну выб'ю разам з зубамі".

3.4/ Аб здарэнні даведаўся камандзір роты. Капітан Берагавы выклікаў радавога Лабуту і прапаршчыка ў канцылярыю. "Будзеш скардзіцца, падтрымаю цябе”, — сказаў ён салдату. "Няхай просіць прабачэння па-беларуску”, — прагучала ў адказ.

3.5/ “Даруй. Прашу прабачэння, — залямантаваў па-тутэйшаму старшына. — Болей такога не будзе”

3.6/ "Пайшоў прэч, халуй расейскі”, — прагнаў яго Берагавы.

3.7/ Шарагоўцы, простыя вясковыя хлопцы, устыдаліся гаварыць матчынаю мовай.

3.8/ Толькі малодшы сяржант Касымаў, узбек, салдат апошняга года службы, які вельмі паважаў капітана Берагавога, не ўстыдаўся беларускай мовы і на ёй падаваў загады “Сіхт, звазяй!”. Усе смяяліся з яго, перадражнівалі, а ён усё роўна цвердзіў: “Крокам русь!”

3.9/ Толькі два расійцы-афіцэры — старшы лейтэнант Волкаў і лейтэнант Строгаў — нічым асаблівым не вызначаліся, а паводзілі сябе як і раней. У Расію вяртацца не збіраліся.