Читать «Вайсковае евангелле» онлайн - страница 15
Язэп Палубятка
4.4/ Міхась таксама плакаў.
4.5/ Мамедаў павёў яго дамоў. Адна сцяна будынка была ўшчэнт разбураная, другая ледзь трымалася.
4.6/ Як казаў мусульманін, армяне згвалтавалі яго сямідзесяцігадовую бабулю, зарэзалі дзевяцігадовага брата. Астатнія сваякі пайшлі прочкі, і невядома, дзе яны цяпер.
4.7/ Мамедаў адкаркаваў бурдзюк. Яны пілі даўкае кіслае віно, елі гнілыя памідоры, мачаючы ў соль. Надзіва, на свеце не было нічога смачней за тыя гнілыя памідоры.
4.8/ “Жыццё такая дробязь, — казаў, да апошняе валасінкі сівы, Мамедаў — Сёння жывеш — заўтра памрэш. Заб'юць цябе ні за што. Косткі і тыя струхлеюць. А што застанецца? Памяць. А я пакуль не паспеў нічога зрабіць, вартага памяці”.
4.9/ Казаў надалей Мамедаў: “Я — мусульманін, ты — хрысціянін. Я жыць хачу, ты жыць хачу. Навошта забівай чалавек чалавека? Ты мой сябра, я твой сябра. Ты прыходзь да мяне пі віно, еш шашлык, гуляй. Я прыязджай да цябе ў госці, пі, гуляй у цябе. Мы сябра. Мы — людзі. Хіба нас так многа на зямлі?”
4.10/ Зноў цалаваліся хрысціянін Лабута і мусульманін Мамедаў. Радней іх у той час не было нікога на свеце.
4.11/ Разыходзіліся, абяцалі помніць адзін аднаго.
4.12/ Лабута выйшаў за аул, як з гор прагучаў стрэл. Ён паспешна вярнуўся назад.
4.13/ Мамедаў ляжаў нерухома на парозе сваёй разбуранай саклі. Шэрыя вочы літасціва свідравалі неба.
ПОМСТА
5.1/ Камандзір узвода выклікаў радавога Лабуту ды яфрэйтара Чыкіна ды загадаў праверыць, хто кешкаецца ў спаленым будынку ля ракі.
5.2/ Кароткімі перабежкамі наблізіліся яны да знявечанага жытла.
5.3/ Дзесьці ў гарах прагучаў стрэл. Куля непадалёку ад іх ударыла ў камень і дробным аскепкам рассекла яфрэйтару скроню.
5.4/ Чыкін выцер кроў, вылаяўся, зняў аўтамат і, сагнуўшыся, пабег да дома.
5.5/ Ён прагнуў пометы.
5.6/ Казаў Лабута Чыкіну: “Не страляй! Стрэл быў не адтуль. Там учора я бачыў маладую цяжарную кабету. Павінны быць дзеці”.
5.7/ Не слухаў яго яфрэйтар, казаў, што там азеры клятыя схаваліся, і шпурнуў у выбітае акно гранату.
5.8/ Увайшлі ў разбураны будынак. На сценах кроў, на падлозе кроў, на столі кроў. I толькі пазнаць, што старая жанчына, маладая кабета ды два знявечаныя ўшчэнт дзіцячыя целы. А наўкола кроў... кроў кроў ..
5.9/ I надалей казаў нелюдзь. “А, клятыя азеры! У рот вас. так вашаму роду і трэба”.
5.10/ Міхась Лабута нічога не казаў, толькі моцна сціснуў аўтамат. Яфрэйтар няскладна ўзмахнуў рукамі, спрабаваў нешта крычаць, ды аўтаматны трэск ускалыхнуў наваколле і заглушыў яго голас.
5.11/ Галава Чыкіна лягла побач з галавой маладзіцы.
5.12/ Радавы Лабута зняў з пляча аўтамат, кінуў яго на зямлю і, не выбіраючы дарогі, пайшоў прэч.
УЦЁКІ Ў НІКУДЫ
6.1/ Міхасю Лабуце раптам зрабілася млосна ад думкі, што ён такі ж, як і карантыш Чыкін, — звычайны забойца. Бяздумнасць учынка скавала розум і волю. Хацелася некуды ісці, і толькі ў тым ён бачыў сваё выратаванне.
6.2/ Ён памкнуў у горы. На стромкіх схілах, пакрытых першым снегам, хутка ўставаў, зноў падаў і зноў уставаў. Цяжка даваўся кожны крок, але хлопец узбіраўся ўсё вышэй і вышэй. Урэшце наўкола засталіся адны камяні і лёд.