Читать «Вайсковае евангелле» онлайн - страница 14

Язэп Палубятка

2.2/ Казаў знямоглы Кандыба камандзіру ўзвода.

— Навошта іх шкадаваць, яны не нашай веры.

— Мы свядомыя забойцы, мы дзеля гэтага ішлі служыць у войска.

— Калі не мы, дык нехта іншы павінен рабіць за нас гэтую брудную справу.

— Сутнасць той справы ў тым, што кожны з нас варты кулі, сённяя, заўтра ты, але ісціна такая: хочаш сам жыць —забівай іншых. Такі спрадвечны закон вайны.

— Шмат жыццяў загубіш — героем станеш.

— Забівай іх, лейтэнант, забівай як мага болей. На тым свеце ўсе перад Богам будзем роўныя: забойцы і ахвяры.

2.3/ Тыя, хто ляжаў на камянях, моўчкі пагаджаліся з прапаршчыкам. Пагаджаўся з ім і лейтэнант ды ўрэшце загадаў: “Агонь!”

2.4/ Бойка была кароткаю. Праз пяць хвілін на грабяні перавала, дзе ішла дарога, так неабходная для выратавання прапаршчыка Кандыбы, перасталі страляць.

2.5/ Камандзір узвода і радавы Лабута першымі ўзабраліся на вяршыню. На камянях, сярод пустых гільзаў у лужыне ўласнай крыві ляжаў застрэлены старшы лейтэнант Васільеў, камандзір суседняга ўзвода іх часці, які адказваў за гэты ўчастак дарогі.

ГОРКІЯ ДУМКІ

3.1/ Пасля кожнай страляніны, асабліва пасля апошняга здарэння, да Міхася ўсё часцей і часцей прыходзілі навязлівыя думкі. Хлопец намагаўся гнаць іх прэч, але яны вярталіся зноў і зноў. Ён страшна пакутаваў ад іх, але нікому не распавядаў.

3.2/ У вольную гадзіну і на баявым дзяжурстве думалася адно і тое ж.

— Каму ты служыш? Каго, рызыкуючы жыццём, абараняеш? Родны кут, бацькоў? Тут спрэс чужыя людзі ды наўкола чужая зямля. Тут іх жыццё. Яны тут зачатыя і народжаныя. Тут пахаваныя іх продкі. Гэтыя клятыя горы — іх родныя горы, як тыя, што зараз далёка-далёка, лугі, гаі і дубровы, любыя твайму сэрцу краявіды

— Інтэрнацыянальны доўг, пачэсны абавязак... Пустыя словы. Хто даў права вызначаць ім, што табе рабіць? 3 якой нагоды ты павінен падпарадкавацца чужой волі, чужому жаданню? Чаму ты, сын сваёй зямлі, бадзяешся ў чужых краях? Калі здарыцца такая бяда дома, хто як не ты павінен ратаваць свайго бацьку, хто як не ты павінен бараніць ад здзеку сваю маці, хто заступіцца за брата і сястру, калі ты пакладзеш тут сваю галаву?

3.3/ Было ў яго да сябе яшчэ шмат іншых пытанняў, толькі ні на адно з іх не знаходзілася ўпэўненых, сцвярджальных адказаў. Стагнала і плакала душа, балела сэрца і ніхто не мог яго суцешыць, наўкол былі чужына і чужынцы.

СУСТРЭЧА 3 “СЯБРАМ”

4.1/ На другі месяц знаходжання ў гарах радавы Лабута выпрасіў у камандзіра ўзвода за пляшку чачы дазвол схадзіць у аул. Панёс на пошту ліст да рыжай Светкі, бо да вайсковай сувязі не меў даверу. У ауле ацалелі тры будынкі, але там яшчэ жылі людзі.

4.2/ I тут ён сустрэў Мамедава, з якім нядоўга служыў у адным узводзе, але асабіста знаёмы не быў. Тады яны былі не роўныя — “дзед” і салага.

4.3/ “Брат, — нечакана казаў яму Мамедаў. — Я так рады цябе бачыць”. I плакаў, як малоё дзіцё паклаўшы яму галаву на плячо.