Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 25

Іван Навуменка

Калашканавы штаны былі дзірка на дзірцы, але выбіраць не прыходзілася, і Аркадзь надзеў іх...

Назаўтра грымнуў бой. Усё адбылося амаль так, як намеціў Алёша. Першамайцы, якія ні аб чым не здагадваліся, плёскаліся ў Цітавай копанцы. Аркадзь у падраных Калашканавых штанах сядзеў на беразе. Станцыйныя хлопцы не купаліся.

— Шаляй-страца! — яшчэ на поплаве перад копанкай зароў Цярэшка Лузанік. Яша разам з другім старшым бамбардзірам бухнулі са сваіх гармат.

— У шатаку-аца! — аддаў агульны загад руды Алёша. Слабодка кінулася ў наступленне. Як толькі пачаўся бой, станцыйныя хлопцы на чале з Аркадзем перабеглі на бок Слабодкі і пачалі біць з рагатак па копанцы. Гэта адразу дало колькасную перавагу рудому Алёшу.

— Шавайцеся-здаца! Шавайцеся-здаца! — крычала ўсё слабадское войска.

Але першамайцы замацаваліся на другім беразе і паспрабавалі адбівацца. Боепрыпасы ім падносілі дзяўчаты. Доўгаў трымацца яны ўсё ж не змаглі. Руды Алёша паслаў частку сваіх сіл для абходу копанкі з тылу. Яша папоўз на жываце да кусцікаў, адкуль лёгка было ўдарыць першамайцам у спіну. Ён падкраўся да іх і падняўся на ўвесь рост. Раптам нехта стукнуў яму па назе. Хлопец азірнуўся і ўбачыў Лізу. У прыполе яна трымала грудкі гліны. Ліза, значыць, таксама ваявала.

— Стой! Ні з месца! — закрычаў Яша. — Ты палонная! Ліза зусім разгубілася. Яна глядзела на Яшу спалоханымі

вачамі і не ведала, што сказаць. Дзяўчынка хацела ўцякаць, але Яша схапіў яе за руку.

— Пусці мяне, Яша, — Ліза раптам заплакала. — Я не хачу ў палон.

Але Яша яе не слухаў. Ён моцна трымаў сваю палонную за руку. У гэты час ён зусім забываўся на тое, што вучыцца з Лізай у адным класе, што яна дае яму кніжкі, сябруе з ім, што яна, калі была на Новы год Дзедам Марозам, дала яму цукерак больш, чым каму. Яша не помніў у гэтыя хвіліны баявога ўзрушэння нічога таго добрага, што зрабіла для яго Ліза.

Становішча першамайцаў было між тым нявыкрутным. На іх насядалі з двух бакоў. Войска белагаловага Косці кінулася наўцёкі. Наўздагон яму прыпусціла слабадская лёгкая кавалерыя. Але нікога дагнаць не ўдалося. Палоннай была адна толькі Ліза.

На Лізу спачатку ніхто не глядзеў. Усе хваляваліся, расказвалі адзін аднаму пра свае подзвігі. Аркадзь Панядзелак адразу ж аддаў дзіравыя штаны Калашкану і надзеў свае. Калі бой скончыўся, Яша адпусціў Лізіну руку. Ён стаяў побач і маўчаў. Яму было няёмка.

Нарэшце да Лізы падышоў Алёша.

— Палонная? — запытаў ён. — Вось зараз мы табе ўсыплем. Будзеш ведаць, як лезці да нас...

Лізу акружылі і разглядалі, як нейкага звярка. Яшу стала крыўдна.

— Палонных не б'юць, — сказаў ён цвёрда. — Яе трэба адпусціць. Бой ужо скончыўся.

Гэта ж яго нявеста. Гы-гы-гы, — заржаў Аркадзь Панядзелак. — Яны яшчэ з першага класа шэпчуцца.

Кроў ударыла Яшу ў твар, і ён ужо не памятаў сябе. Ён схапіў Аркадзя за грудзі, і яны абодва пакаціліся па зямлі. Яша без літасці дубасіў Аркадзя па чым папала. Хлопцы кінуліся іх разбараняць. Ліза стаяла з белым як палатно тварам.