Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 2

Іван Навуменка

Алёша часта крыўдзіў Яшу, але Яша ўсё роўна штодня ішоў да Тарабанаў. У іх вялікай, нібы гумно, хаце вечна стаяў лямант, але затое было і весела. Тут заўсёды адзін плакаў, другі смяяўся, слёзы жылі ў цеснай, неадлучнай дружбе з радасцю.

Калі Яша яшчэ не хадзіў у школу, ён нават плаціў Тарабанам падатак. Алёша, які ўжо вучыўся і ведаў літары, выпісваў на Яшу абкладныя лісты, устанаўліваючы памер падатку за тыдзень наперад. Штодня трэба было прынесці грэцкі блін, жменю сушаных яблыкаў або якіх-небудзь іншых прысмакаў. Без гэтага пачастунку Алёша ў сваю кампанію Яшу не прымаў, і гуляць з хлопцам ніхто не адважваўся. За гэта Яша і не любіў Алёшу.

Але яшчэ болей не любіў ён Алёшавага бацьку. Стары Тарабан быў заўсёды злосны, насуплены, на людзей пазіраў спадылба і, здаецца, ніколі не смяяўся.

Яша памятае, як разбіралі і звозілі іхняе старое гумно пасля таго, як бацька падаў заяву ў калгас. Тады Тарабан першы прыляцеў на іхні двор і, ні ў кога ні слова не спытаўшы, адразу палез на дах гумна, на якім расла высокая залёная канапліна. Яша не шкадаваў старога гумна — у ім нават летам было холадна і сыра. Шкада было ластавак. У гэтую вясну якраз пад самым вільчыкам у гумне зляпілі сабе гнёзды аж дзве ластаўчыныя сям'і. Яша ахоўваў ластавак. Ён заўсёды зганяў з гумна вялікага чорнага ката Кузьму, які хадзіў па страсе і прынюхваўся. Кузьма быў вялікім спецыялістам па знішчэнню ластаўчыных гнёздаў. Дабрацца знутры пад самы вільчык ён не мог. Таму Кузьма ўзбіраўся на гумно, вынюхваў зверху, дзе знаходзіцца гняздо, і пачынаў лапамі разграбаць трухлявую салому.

Яша даўно ведаў хітрыкі Кузьмы, і таму ластавак у крыўду не даваў. У двух гнёздах ужо вывеліся маленькія птушаняты. Яны весела шчабяталі і ўсе адразу раскрывалі свае жоўтыя дзюбы. Як толькі да гнязда падляталі дарослыя ластаўкі.

Можна ж было пачакаць і не разбіраць гумна да таго часу, пакуль не падрастуць у гнёздах птушаняты. Але Тарабан нават не паглядзеў на ластавак, якія, трывожачыся за сваіх дзяцей, насіліся над самай яго галавой. Ён са злосцю раскідаў старое гумно. Маленькія ластавачкі загінулі ўсе, а Яша цэлы той дзень праплакаў.

Вечарам ён пайшоў да Тарабанаў. На свае ўласныя вочы Яша бачыў, як прыцемкам стары Тарабан завярнуў у свой двор воз з самымі лепшымі бярвеннямі і дошкамі з іхняга гумна. Гэтыя дошкі і бярвенні ён схаваў у сваім хляве пад саломай.

Тарабаны ледзь не штодня крыўдзілі Яшу. Але ён дзень пры дні хадзіў да іх і нават не ўяўляў сабе, што калі-небудзь парвецца гэтая яго няроўная дружба з рудым Алёшам. Без дазволу Тарабана з ім не сталі б гуляць ні Змітрок Калашкан, ні Алесь Бахілка, якія жылі зусім блізка ад Яшы. Яны заўсёды хадзілі ўслед за Алёшам, ва ўсім яму падтаквалі і гатовы былі дзеля яго есці зямлю. Без дружбы з рудым Алёшам нельга было купацца ў Цітавай копанцы, дастаць смачнай вішнёвай смалы з Салвэсевага саду, пагуляцьу «ялавога» або «крутавога».