Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 46

К Акула

Янук навет ня бачыў, як няўклюдна, быццам гнаявыя вiлы, стрэльбу трымаў.

- Стой, чаго ты стрэльбу так дзяржыш? Гэта-ж нi качарга табе! Во так, глядзi!

Антось палажыў наган на стол, маланкавым рухам выхапiў ад Янука стрэльбу й нацэлiўся ў Лявона.

- Во так, прыцiсьнi гэту качаргу да пляча, левай рукой падпiрай зьнiзу, а правай, значыцца ўказальным пальцам нацiскай на курок. Вiдзiш? - тлумачыў Дзяркач. - Цяпер тутака правым вокам глядзi на мушку й цаляй яму проста ў грудзi цi ў галаву. А як страляць дык толька правым пальцам курок нацiсьнеш i шлёп. Кумекаiш? Толька крэпка прыцiскай прыклад да правага пляча й левай рукой дзяржы моцна зьнiзу, бо як нацiсьнеш курок то можыць яна цябе моцна ў плячо таўхануць. Ну й каб куля пайшла куды цаляiш то трэба, каб стрэльба саўсiм нi здрыганулася. Вiдзiш? На.

Стрэльба зноў апынулася ў Януковых руках i ён узяўся яе трымаць так, як раiў Дзяркач. Але зброя была прост-напраст непасiльна цяжкая, ледзь трымаў яе ў дрыжэчых руках.

- Так во, роўна дзяржы! Чаго ў цябе рукi дрыжаць?

Антось забег ззаду за Янука, усё з наганам напагатове, Лявона сочачы, выраўняў Януковы рукi, прылажыў яму прыклад да пляча, падняў рулю.

- Во так, глядзi, роўна. Стань раўней на нагах, свабодна, расстаў ногi так, для раўнавагi. Ну а цяпер указальны палец на курку дзяржы. У замок я заладаваў патрон, так што табе толька пацiснуць i - бабах! - гэтага клапа на сьвеце ўжо ня будзiць. Роўна, роўна, ня дрыжы!

Iмгла засланiла Януковы вочы. У шэрасьцi перад мушкай дрыжэла раськiданая Шпунтова чупрына, мiгцела ма замурзаным твары кроў. Бянтэжыў Дзеркачоў голас. Дзе тая раўнавага? Гэта, вiдаць, не сапраўднасьць, а сон. Жарам залiло Янукоў твар, мурашкi па сьпiне пабеглi. Пахiснулiся ногi. У гэны момант спацелы палец курчова ўчапiўся за курок, руля пахiснулася ўбок, страшна таўхануўу плячо прыклад i перад прыплюшчаным вокам грымнуў гулкi выбых. Янук быццам праз сон усьведамiў, што Лявон прысеўi паволi асунуўся на падлогу, а ў млявых руках апусьцiлася стрэльба.

- Дурань! Ты-ж у яго нi пацэлiў! - раўнуў ля правага вуха Дзеркачоў скрыпучы голас. - От, разiнька, ну цябе!

Голас пекануў Янука як джгучка-крапiва й ён вiнавата схiлiў галаву. Антось вырваў з рук стрэльбу й з размахам кiнуў яе на стол. Стрэльба перакулiла збан з малаком, што пакацiўся i з гулам упаў на падлогу. Цурком пацякло разьлiтае малако.

- Нi цяпер цябе страляць вучыць. Можа другiм разам.

Пасьля гэтых слоў Антось падбег да Лявона, што скорчыўшыся на падлозе сядзеў i, схапiўшы за рулю наган, з усей сiлы ўдарыў дзяцюка ручкай па галаве. Той схапiўся загалаву й са стогнам апоўз на падлогу. Тады Антось, быццам зусiм азьвярэўшы, нагой заехаў Лявону ў жывот. Адзiн, другi, трэцi раз. Зь бязладнага цела выходзiў прыдушаны стогн.

- Здыхай нячысьцiк! Каб на цябе груганы, а ня людзi!

Ён яшчэ раз ударыў нагой Шпунту ў жывот. Спынiўся й пазiраў на Янука.

- Ну што? Прыстрэлiш, цi не?

- А ён яшчо жывы? - спытаў Бахмач.

- Няўжо-ж...