Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 48

К Акула

Усё гэта бацька ледзь не адным дыхам сказаў. Янук усё зразумеў, апрач таго "таргуйся". Як таргавацца? Колькi солi трэба было-б узяць за тое дабро - крупу й леташнюю баранiну, - што бацькла нарыхтаваў у пуцатай торбе? Пракоп Бахмач на гэта адказаць ня змог.

Лiшнiм было-б Янука ў дарогу спанукаць. Даўно рупiла яму ў Глыбокае, хоць i няблiзка гэта было. Але што юнацкiм гадом адлегласьць! Трывога-ж бацькава пра кабылу свае асновы мела. Колькi-ж разоў новыя гаспадары-гарлапаны ў сялянаў коней адбiралi, наскочыўшы дзе як каршун на кволую птушыную дробязь, iз пабоямi й траскучым незразумелым вэрхалам, ды на якую працу гналi. Галодныя, зьняможаныя, зьбiтыя, вярталiся сяляне дамоў з праклёнамi новых "вызвольнiкаў".

I царква, i Iцак цяпер ззаду асталiся. У Януковай торбачцы солi ня больш кiляграмаў двух. А побач iшла вельмi-ж даўно, ад прыходу Немацаў прынамся, нябачаная Дуня.

Дзьве пары босых ног паволi ступалi па мяккiм жоўтым пяску на абочыне гасьцiнцу, вымiналi, дзе трапляўся, шурпаты й колкi жвiр. Сонца ладне з паўдня схiлiлася, лагодны сухавей лашчыў твары й валосы. Па дарозе гуртамi йшлi людзi, рэдка тарахцела каляска. Расьсеюцца-рассыплюцца ў свае вёскi цi хутары па бочных дарогах i сьцежках гэтыя вернiкi, што сяньня вялiзарную царкву маленьнем гаманой поўнiлi. Адно Януку з Дуняй дарога найдаўжэйшая да далёкiх Лiтоўцаў дабрацца.

Якая радасьць! Дзяўчына роўна, нiбы забаўляючыся, iзь ей аднэй свомай нейкай грацыяй крочыла побач. Песьцiў Януковы вушы мiлым шчэбетам лагодны Дунiн галасок. Пазiраў Янук на хвалiстыя, густыя, як сьветлы чэсаны лён, пабеленыя сонцам летнiм даўгiя Макатунiшчыны валосы, асмужаны загарам носiк i шчокi, пунсовыя й прыадчыненыя, калi маўчала, вусны, мерна дыхаючыя пад тонкiм шоўкам грудзi. Зусiм у меру, як-бы для закругленьня й завяршэньня сваiх цялесных прынаднасьцяў, Дуня папаўнела, сакавiтынм маладым нэктарам налiлася. Шчэбет пераказваў розныя дробныя прыгоды, што ў матчынай раднi летам дзяўчына мела.

Сустрэлiся зусiм прыпадкова каля царквы. Пасьля зацяжнога торгу зь Iцкам, ад якога давялося горы жыдоўскага гора наслухацца, Янук на схiл сьвятой лiтургii трапiў. У зусiм перапоўненую царкву нельга было ўцiснуцца. Пасьля багаслужбы вернiкi паплылi шырокай ракой праз галоўныя дзьверы. Дробiлiся, на групы й сем'i дзялiлiся. Пад гоман узмужнеўшых ля тоўстых, аблупленых з тыну й вапны царкоўных сьценаў, жабракоў людзi раскладалiся зь емiнай на траве, пад дрэвамi, каб голад замарыць, пагаманiць, навiнамi замянiцца, адзiн аднаго пра здароўе распытацца ды ўжо пазьней нясьпешна па хатах расплывацца.

Янук прыхiлiўся плячмi да мураванай сьцяны, жваў сухi й чэрствы, як жвiр, хлеб ды ашчадна, баючыся, што вось-вось скончыцца абкусваў маленькi кавалачак сала. Ад недалёкага, зялёнага з выгляду возера, нясло гнiльлю водарасляў i рыбнай луской. Цiхая гамана поўнiла вялiзны царкоўны двор. Вочы юнаковы вандравалi па каляровых хусьцiнках, розных кепках i магерках, а цi не мiльгане дзе знаёмы твар. З адлеглых за сьвет Лiтоўцаў рэдка калi тут людзi бывалi.