Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 45

К Акула

- Гэты басяк, калi ён верх над людзьмi дзяржаў, саўсiм нi зь кiм ня лiчыўся. Ён быў проста што скацiна. Для яго нi Бога нi было, i нiякай увагi, нiякай спагады да свайго брата-сермяжнiка. Алi Бог усё вiдзiць. От прыйшоў i ягоны час за грахi расплачвацца. Ну але, Янук, ты сабе падумай: от цяперака наш над iм верх. А каб так сталася, што гэты галаварэз зноў над табой верх узяў, дык ён бы цябе памiлаваў? От ён цяпер, хоць, праўда, i пад прымусам, але-ж табе ногi цалаваў ды прабачэньня прасiў. Вiдзiш, што гэты паўзун робiць, абы толькi сваё нягоднае, паскуднае жыцьцё ўратаваць. Сам вiдзiш. Дый што тут вiдзiць? Ён i быдлам станецца, абы сваю прадажную, нягодную скуру выратаваць. А посьля, нi дай Божа, каб да цябе дабраўся, тады нi жывацей, ён табе спуску на ногаць нi дасьць. Гэта, Янучок, басяк гэты iз сама найгоршых падонкаў у нашым народзе. Лавiць iх трэба й душыць, як клапоў, каб i заваду ня было. Мы iз табой от судзiм гэтага клапа й я думаю, што табе ня трэба казаць якi ў нас будзiць прыгавор. Сам падумай.

Антось устаў, пiльна зiрнуў на Лявона, што стаяў ля сьцяны, выняў зь кiшэнi патроны, адкiнуў у рэвальвэры барабанчык i, уважна трымаючы Шпунт на воку, ладаваў зброю. Лявон паварушыўся.

- I ня думай, басяк! Нi ўдасца!

Гатовы да стрэлу наган iзноў нацэлiўся ў Шпунтову галаву.

- Зьдзявай боцiкi! - гаркнуў Дзяркач.

Шпунт лыпаў вачмi, пазiраў то на Янука, то на Антося.

- Ты чуў, цi не? Зь мёртвага-ж сьцягваць ня буду!

I зноў грымнуў стрэл. Янук чхнуў ад смуроду пораху.

- Сядзь i зьдзявай, клоп!

Больш Лявона спанукаць не давялося.

- Дык от, Янучок, ты будзь судзьдзя. Ты зробiш гэтаму чалавеку прыгавор. Добра?

Януку здавалася, што навокал яго адбываецца нейкая недарэчнасьць Ды няпраўда. Нiкчэмнiк у куце, - тойсамы, што пад Антосевым прымусам ногi ягоныя цалаваў, - гэта-ж ня хто iншы, як калiшнi "драгомiшч-акцiвiст", той, пра каторага некалi вясковыя дзяўчаты казалi, што "не сваей сям'i вывадак". Вунь ён, нiкчэмненькi ў голасьцi сваей, жывёлiна з жывёл...

- Ну дык як? Што скажаш?

У Антосевым голасе гучэла нотка лагоднае нецярплiвасьцi.

- Прыгавор? Як, якi гэта прыгавор? - з поўнай няўцямнасьцю спытаў Янук.

Антось устаў, узяў з кута стрэльбу, хутка адчынiў замок i выкiнуў адтуль патрон. Ён нанава ляпнуў замком, увесь час ня зводзячы вачэй са Шпунта.

- Прыгавор? Гэта значыць, што маем зрабiць з гэтым басяком, от што. Калi скажаш, што ён на сьмерць заслужыў, дык тут-жа яго й застрэлiш. А калi не... Ну дык як?

Янук апусьцiў галаву. Антось сунуў яму ў рукi стрэльбу.

- На, дзяржы.

Янук аблапiў кодаўб стрэльбы, пазiраў перад сабой й нiчога ня бачыў. А думкi хаосам, адна другой наперагон, роiлiся ў галаве. "Як гэта от так забiць чалавека? Калi я скажу забiць дык i заб'ём..."

Ён зiрнуў на Лявона. Няўжо лёс гэтага чалавека ў ягоных руках?

- Я.., Я нi знаю.., - сказаў дрыжачым голасам.

- Калi нi знаеш, дык прыпомнi колька гэты пацук, гэта камунiстычная ханжа нашых добрых людцаў у бальшавiцкiя крывавыя лапы выдаў, от як. Кумекаеш? Як цябе вош цi клоп грызець, дык ты што, яго можа шкадаваць будзеш? Так i гэтага во... Ён-жа ў народнае цела ўпiўся, кроў нашу ссаў...