Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 28

К Акула

Янукова каса роўна ўядалася ў густую траву вялiкага лiпавiцкага лугу. А воддаль, направа йшлi iншыя касцы зь Лiтоўцаў: Тодар Кмiт, Уладзiмер Пятух, Якубаў Васiль, Брунiська й найблiжэй да iх Антось Дзяркач. Там, пэўне-ж, неўзабаве яшчэ iншыя падскочуць. Хто першы ступiў на гэты луг? Брунiська, кажуць. Тут-жа яму адно перазь мяжу. Нi зь кiм не параiўшыся, прыбег на калiшнi панскi, а пасьля саўгасны луг раней за ўсiх. Пачуўшы, наважылiся й iншыя, ды ўжо дружней высыпалi на сакавiтую сенажаць. Пакуль там новая ўлада дабярэцца дык сена ў гумнах апынецца. Людзi з суседнiх вёсак касiлi на iншых калiшнiх панскiх лугах.

Саўгасныя працаўнiкi, каторыя жылi тут i якiм ня было куды йсьцi, прыглядалiся, што адбывалася, а некаторыя для сябе касiлi. Нямецкiя ваенныя ўлады забралi шмат жывёлы, зрабавалi рознага дабра. Навет пастух Хвядос, ня маючы чаго пасьвiць, трымаўся дзесьцi наседжанага кута i ўжо ня вiтала ўсходу сонца ягоная бяроставая труба. Тымчасам ня было яшчэ нямецкага загаду адносна гаспадаркi зямель.

Чырвонае сонца выкацiлася з-за грэбня балотных зарасьнiкаў на ўсходзе, весела закукавалi ў Гаравацкай пушчы зязюлькi ды старэчым буйным чубам прыглядаўся ваколiцы, ледзь шэпчачы лiсьцямi, на Гараватцы гiгант Архiп.

- Дзякуй Богу за залаты дзянёк, добра во падсушыць, - памяркоўна, з задавальненьнем сказаў Пракоп, уторкнуўшы ў зямлю касавiла. Ён дбайлiва, жменяй скошанай травы выцер лязо ды выцягнуў зь кiшэнi зьлiзаны па канцах брусок. - Павайстры, сынок. Маладзец ты, роўна пракос дзяржыш.

Падахвочаны юнак паставiў касу. Ягоны брусок - маленькi язычок трывожыў яго. Трэба надта высьцерагацца, каб, замахнуўшыся iм, не чарахнуць рукой па вастрыю касы. Бацька ўчора яе добра выкляпаў, а сакавiтая раса й роўны луг як нельга лепш аблягчалi працу. Бахмачы пачалi зь вялiкiм размахам косамi ўядацца ў траву. Раса сьвяжыла босыя ногi, што пакiдалi на скошаным роўныя сьляды. Зоркамi сьвяцiлiся маленькiя кроплi на сьцяблiнках, а пах сьвежа кошанае травы казытаў ноздры носу.

- Як ты, тата, думаеш, колькi мы можам скасiць?

- Ды во.., - спынiўся бацька, - цяжка сказаць. Хто скарэй i болi скосiць, таму й будзiць.

Ён зiрнуў направа, дзе воддаль, з посьвiстам, касiлi iншыя.

- Старайся, сынок, каб хоць на пару вазоў было. Свайго-ж, ведаеш, што кот наплакаў.

I Янук пачаў нацiскаць што моцы, каб ад бацькi не адставаць. Калi брат Мiкола ў той час, калi сонца ўжо вышэй Архiпа ўзьлезла, прынёс у абвязанай ручнiком глiнянай мiсцы цёплую вараную бульбу з пахучым укропам, пару добрых скварак ды ў асобным збанку кiслае малако, бацька аблiчыў з задавальненьнем, што ладны кавалак лугу зваявалi. Усё-ж не бяз трывогi зiрнуў ён на суседнiх касцоў.

- От каб нам да гэнага лазьняку ўсьпець, - кiўнуў галавой убок, бяручыся за сьнеданьне. - Трэба сьпяшыць, пакуль сонца расу згонiць, бо тады цяжэй будзiць.

Да iх з таго боку ад касцоў нехлямяжа, пераступаючы валы сена пракосаў, зблiжаўся Антось Дзяркач. Ён, вiдаць, таксама нядрэнна нацiскаў, бо пот выступiў палосамi праз крамную кашулю сьпераду. Ад часу вяртаньня "з таго сьвету" ён пагладзеў, вярнулася даўная ўпэўненасьць i навет калiшняя поўная гарэзьлiвая жартаўлiвасьць, так добра ведамая вясковым дзеўкам.