Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 179

К Акула

I ў той зiмовы вечар, школьнае скончыўшы, Дуня разгаманiлася зь Нiнай. Разважалi насамперш пра сваiх дзяцюкоў. Бядуючы па сваiм Янучку, якi, быццам у ваду, недзе ў Менску ў вязьнiцы прапаў. Дуня аж сьлязу пусьцiла. А Нiна наадварот, - сама бадзёрылася й Макатунiшцы памагала.

- Цi помнiш, Дунiчка, як ты да нас першы раз жыць прыйшла? Казала-ж я табе тады, што ўсё на добры лад пойдзiць. Так i было. Нi бядуй i па сваiм саколiку, бо надта-ж малады ён i тую цюрму пiражывець ды да цябе вернiцца.

I прыгадала Дуня час, як да Нiны перабралася.

- Хадзi, Дунiчка, да мяне, - сказала добразычлiвая Антосева жонка, калi аднойчы Дуню на дарозе са школы спаткала. - Як-жа табе там быць, як-жа ты на лекцыi прыгатаўляiшся? Цi-ж я нi знаю, як цесна ў вас? Дык хадзi, во ў мяне лепi табе будзiць, дый мне куды вiсялей... Знаеш, як мой Антоська ў палiцыю пайшоў, сама-ж я. Кажыць мне, што мяне ў Гацi забярэць, ну але пакуль тое будзiць, дык мне маркотна самой...

I Дуню ня трэба было доўга спанукаць. Сама ведала, што з маткай, сёстрамi ды дзяцьмi ўдома ёй ня месца. А пры школе жыць ня было дзе. Дык гэтта Нiна, - няхай Бог ёй здароўя прыспорыць, - як на выручку выбегла. Ужылiся скора. Дуня абяцала Нiне за харчы плацiць, але тая замахала рукамi.

- Знаеш, даражэнькая, жывi во й нi бядуй. Есьцi ў нас уволю, дзякуй Богу, назапасiлi й гароднiны й садовiны, дый мяса не зьвялося, а ад каровы малака хапаiць. Дык во жывi, а там неяк палiчымся. Што там гаварыць пра тыя твае маркi, што за iх купiш цяперака...

Дуня накш на свой заробак глядзела. Праўда, за яго надта не разгуляешся, але-ж на бяду магло хапiць. Ясна, Дуня крыху й ганарылася, што вось яна першы раз у жыцьцi магла нейкiм сталым i навет наводля мясцовых мерак салiдным заробкам пахвалiцца. I таму Нiнiна заўвага, што "за тыя твае маркi" нiчога амаль ня купiш, крыху ўквялiла яе.

Спалi на падвойным ложку. А ў той вечар, калi Дуня супакоiлася ў першым салодкiм сьне роўным дыханьнем, Нiна, быццам прадчуваючы нешта, не магла заснуць i прыслухоўвалася як гаманiў нешта ля вокнаў вецер; мяркавала, цi не ўскапышыцца ён, цi не распрастае свае шырокiя крыльлi ды цi не пачне iзь сьнегам у коньнiкаў забаўляцца. I думала, ужо ў паўдрымоце, яшчэ пра Антося, гадаючы цi дзе ноччу на варце стаiць, цi можа зь ягоным удзелам якi выезд на бандытаў плянуецца. Апошнiмi часамi гэтыя пасьмялелi, цi не таму, што свае з усходу блiжэй падбiраюцца. На чыгунцы было ўжо колькi мiнных узрываў, хоць безь вялiкiх стратаў для едучага войска.

I ў гэткай дрымоце, дзе рэальнасьць трацiць свае выразныя рысы, каб замянiцца першым, моцным i надта-ж салодкiм сном, раптоўнае й наглае браханьне Ромкi вярнула яе да поўнае прытомнасьцi. Сабака, залямантаваўшы на ўсю шырыню горла, кiдаўся на прывязi, шалёна зьвiнеў ланцуг. Хто-ж гэта там, такой познай ноччу ганяе?