Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 176

К Акула

Думкi й думкi, удзень i ўночы. Сьвету агiдны твар! Ён, гэты сьвет, так раптоўна й нечакана павярнуўся да Янука сваiм балючым, змораным тварам. Ад яго цяпер, а можа нiколi ўжо не ўцячэш. Моцна i ўчэпiста цябе ў сваiх абдымках трымае, на самае пакутлiвае дно валачэ. Сьвет у якiм навет Бога трохпавярховым матам лаюць, дзе канчаецца ўсялякая людзкая годнасьць, пашана, прызваiтасьць.

Некалi ў савецкай школе давялося Януку наслухацца, як Якуба Коласа пасадзiлi ў менскую вязьнiцу за нейкую настаўнiцкую нелягальную рэвалюцыйную акцыю. Гэтак бальшавiкi цьвердзiлi. Хто ведае, як там запраўды было. Ну але-ж сядзеў той Якуб Колас цi ня ў гэтай самай вязьнiцы некалi. Можа й якiя вершы выдумляў тут. Цiкава, дзе i ў якой камэры... Янук спачатку трапiў у 83, а пасьля ў 102 i iншыя. Ну й што з таго, калi дзядзька Колас гэтта сядзеў, калi во навет у гэтай самай камэры ды ў гэтай самай пазыцыi, што й ты, Янук? I што табе, Янук, ад веданьня таго палягчае? Сьмешна!

У галаве два галасы спрэчку вялi. Адзiн - дзiцячая, зялёная, вялiкая наiўнасьць, пылка-iмпэтны рамантызм, што ўва ўсiм нечага нязвычайнага й важнага шукаў. Iншы - рашчараваньне, скептыцызм, народзiны цынiзму. Гэты апошнi - прадукт цяжкой i балючай жыцьцёвай рэальнасьцi. Праўда, яшчэ празь яго часта прабiвалася нотка аптымiзму. Вiдаць, што гэты другi голас цяпер больш адпаведны, ён пазбаўляе небясьпечных для жыцьця iлюзiяў. Два галасы спрачалiся й змагалiся, удужкi бралiся. А галодны й аслабелы юнак на сьценах камэры, дзе вольнае месца было, "Жыве Беларусь!" пiсаў.

Змаганьне за жыцьцё - гэта змаганьне за тое, каб Беларусь жыла. Кажнае ейнае дыханьне, кажны ўздрыг, кажны рытм пульсу ўлiвае ў цябе сiлу, бадзёрыць, да акцыi клiча. Яна - твая альфа i амэга, сьвятая сьвятых. Насамперш Бог, а пасьля яна, Матка. I ў брудных сьценах камэры лягчэй трываць, ведаючы, што навет у крывавых ваенных муках яна жыве, церпiць i змагаецца. I расьце. Думка пра Беларусь - гэта праменьчык сонца ў душы тваей, як вунь той, што праз гэнае маленькае, закратаванае ваконца ў вязьнiцу загляне.

Ды не! Прамень сонца адтуль не загляне ў камэру. Каб вас чэрцi! Акно тое-ж з паўночнага боку. Людзi, што плянавалi вязьнiцу, забаранiлi ў яе доступ сонцу. З паўдзённага боку, кажуць, суцэльная сьцяна. Чаго добрага, сонца думкi пра волю нарадзiць можа. I тады небясьпечна.