Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 175

К Акула

Каб даведацца нешта пра вязьнiцу цi якiя верхнiя спрунжыны начальства, або суды, - разважаў Янук, - дык трэба было-б Мiшкiна цi Кабылкiна пытацца. Але як ты да iх у давер улезеш, калi для iх ты - "шпана", ды каб яшчэ якая мясцовая, дык не, "западная". Чорт знае, што за шпана гэта, - нi рыба, нi мяса. Янук хутка спанатрыў, што мiж гэнымi зладзеямi "усесаюзнага значэньня" i iншай "шпаной" утварылася нябачная, але зусiм рэальная сьцяна. У зладзеяў свае, Януку няведамыя нормы. I мова iх iншая, чым Янукова, i iз звычайных людзкiх адносiнаў яны кепiкi робяць.

Вязьнiчны сьвет цiкавы, адно яго разглядаць умець трэба. Апроч антыграмадзкага элемэнту, колькi-ж прыпадковых людзей сюды трапляе! Вунь гэны дзядзька ў лапцёх i палатняным армяку - сеянiн-калгасьнiк спад Заслаўя. Укiнулi яго кагадзе i да адказу напханую камэру, а ён, ня гледзячы на свой паважны век, расплакаўся..

- Пайшоў я гэта ў лес, каб якога сучча наламаць, - казаў дрыжачым голасам, празь сьлёзы. - Чым-жа хату нагрэеш? А тутака, чорт вас ведае адкуль, каб вы галовы паскручвалi, палiцаi й Немцы наляцелi. Ну й да мяне: ты парцiзан! Вы жартуеце, мусiць, кажу я iм. - Якi зь мяне парцiзан, я во прыйшоў сукоў якiх насеч, бо ў хаце мерзьнем. У мяне во толькi, кажу, тапор, прыйшоў якую сухастоiну сьсеч цi што. А яны, каб iх трасца, слухаць ня хочуць, мяне каленкам у зад дый пагналi. От вам i партызана знайшлi. Гы-гы-гы.

Вёска беларуская, простая й няхiтрая, у менскую вязьнiчную камэру заглянула. Пабачыўшы такую, нiчым няпрыкрытую, наiўную шчырасьць, вязьнi змоўклi.

- Так есьлi ты працiзан, так прызнавайся, сукiн сын, такую тваю! раўнуў Мiшкiн.

Гэты дысананс у агульным настроi, калi людзi ў адзiн момант спалучылiся пачуцьцём перад нейкай, хвалюючай iх зьявай, выклiкаў дзёркую рэакцыю з кута:

- Змоўк-бы ты, басяк нензенскi! Цi ня вiдзiш, што дзядзьку нiзашто ў турму ўпяклi?

Мiшкiн злосна зiрнуў у кут, але нiчога не сказаў.

Nigdy, przenigdy

nie zgniebia nas!

Голас бадзёрыўся. Цiкава, цi гэтаму сьпеваку хто калi звонку памагае. Калi ён спэкулянт, дык яго напэўна забясьпечваюць сябры, а калi якi палiтычны, дык можа забярэ калi яго той зялёны грузавiк, што кажную ранiцу ў вязьнiчны двор прыяжджае, набiрае палiтычных вязьняў i пад зброяй вязе некуды, адкуль iм павароту няма.

Нейкi тыдзень цi што пасьля арышту, апынуўся Янук, у лiку вялiкай грамады людзей, у лазьнi. У прасторнай, пустой, сьцюдзёнай залi з цамантовай падлогай, сабралi разам мужчын i жанчын ды загадалi распранацца. Нiколi раней у жыцьцi ня бачыў Бахмач так шмат голых людзей у адным гурце. Стрыглi ўсiм валосы, дый ня толькi на галовах. Згаладалы й слабы целам, Янук з поўнай абыякавасьцю разглядаў жаночыя постацi. Закрывалiся, як маглi, маладыя дзяўчаты. Магчыма мiж iх ёсьць "праступнiкi" наводля таго дзядзькi спад Заслаўя, магчыма i iх "партызанамi" зрабiлi...

Шэра й агiдна! Жаночая постаць - краса, якую сваймi памазкамi ўвекавечнiлi майстры "мадоннаў", якую абсьпявалi выдатныя мастакi слова, станула перад Януком, бяздушным Молахам сапхнутая на дно нядолi. Тое, што iншым натхненьне стагодзьдзямi прыносiла, Януку паказалi зганьбаванае й шэрае. Цi-ж гэта ня кара найбольшай меры? Некалi юнак спрабаваў свае крыльлi ў паэзii. Мiлы быў яму кажны, удала створаны вобраз жанчыны цi то ў Купалы, Коласа, Байрана цi Багдановiча. I наводля тых, удалымi майстрамi слова створаных вобразаў, юнак уяўляў сабе жанчыну ня толькi духова, але й фiзычна. Пра фiзычны выгляд такiх, як Дуня, думалася накш. Але-ж жах падумаць, што й тут, у гэтай празяблай "лазьнi", магла быць тая самая, як ягоная, нечая Дуня.