Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 173

К Акула

Першы раз вязьнiчныя дзьверы зачыняюцца за табой зь нейкай жахлiвай фiнальнасьцю. Нешта зрываецца з упарадкаванага пульсу твайго нутра. Глухi скрыгат завесаў цi ўдар дзьвярэй адразае цябе ад дарагога, незаменнага вольнага сьвету, дзе як-нiяк ты сам сабой загадваў. Апынуўся ты ў дзiўным, цесным, што цябе душыць, затхлым, брудным лябiрыньце. Там нехта, табе зусiм недаступны, камплетна табой валодае, сочыць кажны твой рух, кажны крок. Спачатку вобмацкам i наўгад пачынаеш усьведамляць новую iснасьць. У гэтым, табе новым, для цябе нярэальным сьвеце ты ёсьць абсалютнай нiкчэмнасьцю, макулiнкай пылу, якую можа дзьмухнуць, падхапiць i панесьцi ў нябыт якi хочаш вецер. Усьведамленьне свае нiкчэмнасьцi тым больш усёпаглынаючае i ўсёзьнiшчальнае, калi ўявiш сваю поўную бясьсiльнасьць навет перад гэтым вартавым, што сочыць за табой як пастух за статкам вунь праз гэнае "воўчае вока", або й перад тым вунь мурлом, што налiвае табе ў бляшанку баланду. Папрасi ў яго больш, дык палонiкам па лбе атрымаеш. Усьведамленьне нiкчэмнасьцi ўзмацняе й веданьне таго, што ўсе духоўна-маральныя вартасьцi, на якiх ты ўзгадовываўся ад малога, у гэтым будынку ня маюць нiякiх правоў грамадзянства, значэньня, зусiм ня iснуюць. Слабасьць вядзе да роспачы, а тая родзiць сумлевы, што ў чалавечай душы побач дрэннага iснуе й добрае.

Усьведамленьне нявiннасьцi нараджае пратэст. Калi-б Янук думаў рацыянальнымi катэгорыямi, хутка прыйшоў-бы да выснаву, што паланеньне яго зьявiлася зьбегам розных непрадугледжаных абставiнаў. Вайна й хаос, цi навет, калi хочаце, панаваньне безагляднай сiлы, ствараюць дасканалыя для гэтага перадумовы. Спэкулянты, каторых пару вагонаў на нейкi загад забралi й пагналi ў вязьнiцу, таксама пэўне-ж былi нямiла зьдзiўленыя такой выпадковасьцю. Як-нiяк, пропускi каштавалi iм. За гэны кошт яны, мусiць, спадзявалiся мiнiмальнай бясьпекi. Але з гэнымi ўладамi, наверсе, што абсалютную сiлу маюць, цацкацца нельга. Iм вось уздумалася, зь нейкай прычыны, узяць усiх збыськаў, анткаў i малгосяў ды завалачы ў вязьнiцу й бясьсiльнымi аказалiся тыя чыгуначныя "райзэшайны". Дарма, што да гэтага часу знаў ты чыгуначную ўладу, грэў рукi кандуктару. У абдымках гэтай маленькай, капрызнай хвалi апынуўся й зусiм нявiнны юнак зь Лiтоўцаў. А Лявону, каторы, вiдаць, спасьцярог Латышоў, як прыблiжалiся ды мо й ня мог сябру перасьцерагчы, удалося ўцячы.

Пратэстуе запертая ў клетку птушка. У яе, як вядома, птушыны, значыцца нiякi розум. Яна б'ецца крыльлямi аб сьцены, цi вокны, часта на сьмерць забiваецца. Чалавек накшы. Ён разважае. I пратэст яго можа быць больш ёмкi, калi розум падказвае, што цябе вязьняць бязь нiякае прычыны.