Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 172

К Акула

Як на дзiва, вечар быў цёплы й цiхi, шамацела яшчэ пад нагамi лiсьце ля калiшняга ўнiвэрсытэцкага гарадка й не спраўляў хаўтураў мiж руiнаў вецер. Хлопцы былi ў добрым настроi, жартавалi воддаль ад вакзалу ля "таварняка" iз спэкулянтаў, якiя, абладаваўшыся рознымi валiзамi, мяхамi й iншымi кошыкамi, ужо сплывалiся сюды на падарожжа ў Вiльню. Да адходу цягнiка заставалася даволi часу. Руiны гораду расплывалiся ў змроку, нiхто сьвятла не палiў, адно гучным жыцьцём кiшэла войска ля сваiх "нур фюр дойчэ" кухняў i цягнiкоў. Анткi, збыськi й iншыя малгосi, быццам куры на курасадню, усаджвалiся ў таварныя вагоны, дзялiлiся апошнiмi навiнамi пераклiкалiся розныя знаёмыя. Сярод iх юнакi чулiся быццам дома. Як-нiяк, гэта была гамонка ("гвара") так добра iм ведамага вiленскага рынку.

Янук, як пасьля шмат каму расказваў, улез аж дзесьцi ў сярэдзiну вагону й толька пачаў разглядацца, дзе падзеўся сябра, як сталася нешта нязвычайнае. Пачулiся крыкi i з двух бакоў вагонаў зьявiлiся зялёныя мундзiры. Янук намагаўся клiкнуць сябру, але той ужо недзе зьнiк. Неўзабаве вайскоўцы сiлай пачалi выкiдаць людзей з вагонаў i зусiм iхным багажом, ставiлi iх ў калёну, абкружылi канвоем i загадалi йсьцi. Янука быццам маланка сьцебанула. Арыштавалi!

Побач чыкiльгалi анткi й малгосi, праклiнаючы пад нос, валачылi цяжкi багаж, якога заўтра ранiцай чакалi на вiленскiм рынку людзi. Адно Янук трымаў рукi ў кiшэнях i прыглядаўся мурлатым людзям у зялёным. Усе яны шырокаплечыя, як-бы хто на адну мерку iх выбраў. На рукавох Бахмач спасьцярог чырвона-бела-чырвоныя шчыткi. "Латышы, каб вы пагарэлi. Поскудзь. Пэўне-ж зь мясцовага СД". Маладому юнаку давялося ўжо бачыць розных акупантаў i паразiтаў, а такiх вось сустрэў упяршыню. Што гэта за народ? Калi ён быў, адкуль узяўся? Казалi людзi ў Лiтоўцах, што гэта яны вымардавалi ўсiх Жыдоў у глыбоцкiм "гетто". I прыгадалася iншае. Зь iншага часу й тэрыторыi: латыскiя стралкi на стражы кастрычнiцкай рэвалюцыi. Калi зьняможаныя вязьнi з турмы народаў ськiнулi ярмо, пачалi на ногi станавiцца, свае нацыянальныя дэмакратычныя дзяржавы будаваць, бацькi во гэтых мурлачоў узялi зброю, каб стануць на старожы ленiнскае брыды-пачвары, што тады ледзь пры жыцьцi ў пялёнках лiпела. Гэтыя нелюдзi памаглi пачвары ўздужэць, клыкi выгадаваць, каб пасьля мiлiёны нявiнных спажываць магла.

Янук ня скончыў яшчэ сваiх разважаньняў на латыскую тэму, а ў галаве стаяў Лявон. Дзе-ж ён падзеўся? Можа дзе йдзе з боку, прыглядаецца куды вядуць iх. Калёна, чалавек больш сотнi, затрымалася перад высокiм зялёным плотам, адчынiлася недзе сьпераду брама й людзi ўвайшлi ў абшырны двор, якi з трох бакоў замыкаў грозны ў цемры, двухпавярховы будынак. Краты ў вокнах. Вязьнiца!

Час першай сустрэчы зь вязьнiцай заўсёды пасьля згадваўся Януку з дрыготкай жаху. Холадам праймала. Да гэнага часу пра вязьнiцы чыталася нешта ў лiтаратуры, iх бачылася ў кiно, пра iх чулася ў апавяданьнях старых людзей, пра iх сьпявалася ў тужлiвых, на тэму "дайце мне волю й сонца" песьнях. Ведалася, што людзi пры ўладзе трымалi за кратамi тых працiўнiкаў, якiя iхнай уладзе не хацелi падпарадкоўвацца з палiтычных цi грамадзкiх мяркаваньняў. I яшчэ здавалася, што за кратамi сядзелi людзi дрэнныя, пэўне-ж вiнаватыя, што кары нейкае заслужылi. Янук нiколi ня мог уявiць, што гэтая страшная будынiна стане ўпоперак ягонай, Бахмачовай, дарогi, што паглыне ў сваё цёмнае й сьмярдзючае нутро яго, наiўнага й нявiннага юнака.