Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

К Акула

- Ды навошта яна мне? Павесь на сьцяну.

- Сьмерць, сьмерць ды сьмерць. Здорава! - сказаў Тодар Кмiт.

- Ну а што ты думаiш, Немiц з табой цацкацца будзiць, калi нi паслухаеш? - сказаў Уладзiмер Пятух. - Парадак трэба-ж...

- Ну парадак трэба. Дый глядзi, многа камунiстаў пахавалася.

- Ну а пра Жыдоў ня чуў болi? - пытаўся Захарука дзед Якуб. - Што зь iмi? Чаму iм права нiякага?

- Людзi кажуць, што Немiц iх здорава прыцiсьнiць. Нiбыта ў Польшчы пазганяў iх i дзержыць асобна ды на работу пад канвоем ганяiць. А так нiякiх правоў нi маюць. Хто-ж яго ведаiць, што ён тутака зь iмi рабiць будзiць. Ужо каму як каму, а Жыдом, вiдаць, ад Немцаў пападзецца.

Гутарка расплылася. Кажнаму рупiла свае думкi пра пачутае выказаць. Да гурту ля Ўладзiмеравай клецi тымчасам прывалюхаў Сымон Пятух. Аброслы твар, з роту тарчэла смуродная казiная ножка. Зашмуляная сьвiтка, неадлучная аладка-кепка на галаве. Згорблены, ён, быццам напалоханы заяц, асьцярожна кiваў на бакi, як-бы баяўся каб хто на яго сабаку ня спусьцiў.

- Эй, Сымон, як тамака калхоз твой? - жартаваў Алесь.

Лiтоўскi гультай ня прывiтаўся зь людзьмi, дый не хацеў, вiдаць, усiм на воку быць. Калiшняя пэўнасьць i нахабнасьць зьнiклi iз зношанага твару. Заклапочаны, ён ня мог людзям проста ў вочы глядзець.

- Дык-жа... Яно-ж, гэтага... - пачаў нязьвязна, пазiраючы на поўныя кпiнаў твары. - Ты-ж, Алесь, знаiш, што людзi ўжо свой статак i ўсё другое разабралi й таго каўхозу як i ня было... Ды, значыцца, чорт знаiць, што Немiц зробiць...

- Якi-ж такi зь цябе гаспадар, калi ўся твая гаспадарка распаўзлася?

- Ат, кiнь Алесь, кепiкi строiць.

- А дзе-ж Шпунт i Павалiцкi Хвёдар? - спытаў Тодар Кмiт.

- Ды нiдзе ня вiдаць, - адказаў Уладзiмер Пятух. - Ня чуў, Сымон?

- Ня чуў. Можа дзе каля дому хаваюцца.

Калгас разьвязаўся бязь нiякiх "урачыстых мiтынгаў" i пануканьняў, як толькi людзi пранюхалi, што прыгонная ўлада галаву скруцiла. А тыя першыя нефартунныя перадавiкi кажны сваё, быццам згаварыўшыся, дамоў пацягнулi. Сявенькавы-ж хлявы, дзе трымалi агульнае дабро, пусткай цяпер сьвяцiлi.

5

На паўночна-ўсходнiм водшыбе Гацяў, на абшырным плоскiм сугры, у засенi лiпаў, клёнаў ды бярозаў, прытаiлася на выгляд шустрая, iз аднэй, наводля конусу, вежай, малая драўляная царква. Пабудаваная, згодна мясцовых многалетак, яшчэ за прапрадзедаў сiвых, яна, вiдаць, у гэны адлеглы час зьмяшчала ў сябе падчас малебенаў сьцiплы мясцовы гурт вернiкаў. Здаравенныя круглякi хвоi, здольнымi рукамi дапасаваныя й аснованыя ў хворме крыжа на каменнай аснове трывалка вытрымалi напор лiхалецььцяў часу. Звонку сьвятыню пакiнулi без ашалёўкi. Галоўныя дзьверы й карнiзы ды абрамоўкi вокнаў мясцовыя мастакi аздобiлi нацыянальнымi, павыразанымi ў дрэве арнамэнтамi. Нутро абабiлi дошкамi, а дбайлiвыя рукi мастака ўпрыгожылi сьцены размалёўкамi рэлiгiйных здарэньняў. Каторы з гэных сiвых прадзедаў, мастак-самародак, аздабляў нутро, ён унёс у царкоўнае мастацтва лёкальны элемэнт. Прататыпамi апосталаў i сьвятых ажылi людзi зь мясцовымi рысамi, адзеньнем, прасякнутыя сокамi роднае зямлi, што ведалi цану поту й балючага мазыля. Калi голуб, як дух сьвяты, на аднэй iконе лунае ў паветры над Ярданам, дык на iншых жаваранак спадарожнiчае сьвятым мучанiкам у iхных вандраваньнях для праслаўленьня Ўсявышняга й загаеньня ранаў блiжняга.