Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

К Акула

- I Жыды забiтыя?

- А як-жа. А з нашых, кажуць, дык многа папалася гэта каторых нахапалi апошнiм часам пiрад прыходам Немца. Глыбокае, кажуць, Немiц разбамбiў адразу дык тады энкавудэ i ўся бальшавiцкая ўлада пяткi падмазала. Колькi дней нiкога ня было й людзi пападчышчалi крамы, як i гэтта ў нас у Гацях. Але тады гэтыя, нячыстая сiла, вярнулiся яшчо назад i давай, хто папаўся пад руку, проста страляць, або ў Бярэзьвiчы... Дык от так масу народу нашага на той сьвет зьвялi. Ну i кажуць, нахапалi апошнiмi чадамi нашых грамадаўцаў...

Ледзь варушыў лiсьцем дрэў лагодны лiпеньскi вецер, нярухома стаяла побач гойдаўка. Ля Бураковых прысадаў журботна выў Ромка, а ў Тахвiлiным садзе трашчэла сарока.

- Каб яго халера, сабаку гэтага! - лаяў Пятух Уладзiмер. - Нiкому нi даецца, нiяк во нi прынадзiш. Саўсiм зьдзiчэiць.

Сонца за поўдзень хiлiлася. Позна ўчора Захарук з гораду вярнуўся. Сяньня ранiцай прынёс Пятуху Ўладзiмеру афiшкi й папрасiў, каб на клецi папанаклейваў. Ашныраўшы новае, Пiлiпаў Арсень, а там ужо i Аўдоля ягодка па вёсцы навiну разьнесьлi. Неўзабаве пачалi зьбiрацца людзi, iшлi яшчэ й цяпер.

- З гэтага боку, воддаль ад манастыра, - прадаўжаў Захарук, - выкапалi вялiзную яму й туды закатаваных ськiдалi. Я працiснуўся перазь сьцяну народу й прыгледзiўся: Божа мой, аж нос ад смуроду зарываiць. Як снапы, паськiдваны пластамi, толька што парубнём ня прыцiснутыя. Я спрабаваў лiчыць, але скора зьбiўся. У некаторых дзiркi ў патылiцах пазнаць можна. Гэта-ж так, нячыстая сiла, стралялi. А яшчо ў каторых дык петлi на шыях, а твары так зьнявечаныя, што нi пазнаеш. Бабы навокал галосяць, Божа ты мой! I ўжо надта-ж народ злуець, праклёны толька з вуснаў чуваць. От каб яму тыя каты бальшавiкi ў рукi папалiся, дык мусiць на кускi парвалi-б, скуру пасмамi дзерлi-б. Гэта-ж нi жарцiкi табе. Падумаць, што нарабiлi бальшавiкi!

Захарук закрыў твар рукамi й дрыжэў. У вачох сьвежай стаяла брацкая магiла нявiнных суродзiчаў.

- А ягодка-ж мая мiленькая, а Госпадзе мой! - войкнула Кмiтава Аўдоля. - Азьвярэлi саўсiм людзi. А што-ж гэта будзiць?

- Дык Немiц пушчаiць туды ўсiх, каторыя глядзець хочуць?

- Во, а чаму-ж не... Ён падахвочваiць яшчо, каб вiдзiлi людзi якiя людаеды гэтыя бальшавiкi. Немiц усю вiну за гэта на Жыдоў валiць.

- Але-ж ты кажаш, што й Жыды пабiтыя ёсьцека.

- Ага, ёсьцека, сам вiдзiў. Мужчыны, каторыя пазналi iх, паказвалi мне. Дык, гэта самае, тамака Немцы ваенныя для парадку стаяць, а народ усё чаргой iдзець глядзець туды. Адзiн салдат празь нейкую конаўку, каб усе чулi панашаму паясьняiць усё. Кажа хто нашых людзей катаваў i забiваў.

"Дзiравы шляхцiц" Паўлоўскi нiякавата азiраўся па бакох, мяркуючы дзе й як ды якое слова ўкiнуць. Пашанцавала яму. Цi прыйшло калi яму ў галаву, што мусiў-бы людзям за дабрату й стрыманасьць падзякаваць? А з другога боку загадка: чаму Косьцiк Сабакевiч i Лявон Шпунт яго ня выдалi? А можа выратавала тое, што адзiн зь першых у калгас запiсаўся?