Читать «Барвяны шчыт» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Ты сапраўды лічыш, што гэта — радасць? — спытала яна. — Што гэта — я?

— Даўно, — сказаў ён.

— Мілы, — нібы нечакана зразумеўшы, шапнула яна.

Цёплы, напоены водарам, звонам і гарачынёй ветрык плыў на іх.

Івар глянуў на яе. Яна сядзела з заплюшчанымі вачыма, з ценем нейкай радаснай пакуты ў краёчках вуснаў. Вялікія вочы змежаны, крылы праменькага носа ловяць духмянае паветра, п'юць яго.

— У мяне колы ў вачах ад сонца, — сказала яна. — Спыніся, Івар.

Травы былі такія густыя, што, здаецца, ляж на іх і яны ўтрымаюць цябе над зямлёй.

Гэта была няпраўда. Вакол іх, над імі, на іх каціўся, наступаў грозны, гарачы і вільготны травяны акіян.

Бялелі вялікія рамонкі, пазвоньвалі ліловыя званочкі, спявалі чмялі, упяўшыся ў малінавыя шары канюшыны, і рос, віўся, як хмель, аблытваючы рукі і ногі, бела-ружовы, прагны павой.

Але бачыў гэта, кветкі і зямлю, толькі ён. Яна бачыла гарачае марыва неба, у якім, трапечучы, застыў на хвіліну прагны сокал.

…Замест двух нумароў у гасцініцы яны знялі кутні пакойчык у невялічкім доміку над самай Акой. І ўдзень і ўначы з яго было відаць два небы. Толькі ўдзень гэтыя "небы" сінелі блакітам, а ўначы — густым кобальтам, які нехта папырскаў фасфарычным срэбрам. Не вельмі густа, бо стаялі месячныя ночы.

У пакоі, адасобленым ад пакояў гаспадыні калідорам, рыпелі маснічыны і звонка падалі з меднага рукамыйніка кроплі вады. Раз у чатыры секунды. Тут вісеў партрэт невядомага мужчыны ў крухмальным каўнерыку (даводзілася — з-за старога позірку — паварочваць яго абліччам да сцяны) і дзве алеаграфіі: "Востраў мёртвых" Бёлкіна і "Сегодня нездоровится". На апошняй сядзеў белы сабачка, па-зайчынаму падвязаны чырвонай хустачкай у чорныя гарохі. Стаялі тут яшчэ пузатая камода і шырачэзны ложак.

— Лухта якая! — сказаў Івар, агледзеўшы гэта, калі яны засталіся адны.

— Нічога, — сказала яна, — затое водарам наносіць. З паплавоў.

І ён згадзіўся. Ён адчуваў сябе бессаромна, бязмежна шчаслівым. І толькі гэтае шчасце перашкодзіла яму заўважыць, што ўвесь наступны вечар яна была адчужанай.

На другую ноч ён прачнуўся ад дзіўных прыдушаных гукаў. Не зразумеў і, абняўшы яе, адчуў плячом нешта мокрае на яе шчацэ.

— Вялікі верабей, што з табою? — спытаў ён.

— Памятаеш сокала тады? — спытала яна.

— Я не памятаю ніякага… — ён асекся. — Ну, вядома… Ну што ты, што?

— Ён пастаяў над галавою і кінуўся ўніз, у кветкі. Вядома, схапіў некага.

І дадала нечакана глухім голасам:

— Не так гэта… было.

Ён маўчаў. І яна, уздыхнуўшы, пачала казаць далей.

— Ты ведаеш, ты першы, Івар. Прабач, калі ласка, але пакуль не позна… Я прачнулася ад думкі: нічога гэтага не было. Былі паплавы, кветкі, коннікі, смолкі, павой.

— Я кахаў цябе ўсе гэтыя гады.

— А на мяне звалілася, як насланнё. І цяпер мне страшна. Няўжо ўсё? Пачалося і скончылася. А побач — ты.

Ён абняў яе асцярожна, як хворую. Бо гэта ён быў вінаваты ва ўсім.

— Таму, што са мной — няма канца, — сказаў ён.

— Як размяняліся, — сказала яна.

Абураны, ён адсунуўся. Яе шчырасць выклікала і міжвольную вялікую павагу, і адначасова глыбокую крыўду. Яна гаварыла тое, на што могуць адважыцца далёка не ўсе жанчыны, але ёй не трэба было казаць гэтага.