Читать «Барвяны шчыт» онлайн - страница 3

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Трасучыся на спадарожнай машыне назад, у Спаск, ён думаў, як жа гэта адбылося, што за два тыдні ён зведаў Ніку лепей, чым за ўсе папярэднія гады? І ўрэшце зразумеў, што раней яны проста ніколі не гаварыі з ёю аб гэтым. Ён лічыў, што ўсё гэта настолькі звычайнае ў кожным чалавеку, настолькі само сабой зразумелае, што аб ім не трэба гаварыць… Як аб тым, што кожны чалавек хоча кахаць і быць каханым, народжаны для кахання, шукае яго ўсё жыццё, моліцца яму і памірае з успамінам аб ім.

Выявілася, што гэта не так, што ёсць людзі, для якіх існуе толькі тое, што ёсць, што вось тут, зараз, у гэты момант. І сярод іх — яна, якую — ён ведаў аб гэтым — ён кахаў тым каханнем, якое заўсёды, як яго радасць і туга за ўсіх.

Не ведаючы аб гэтай сувязі, яна абкрадала сябе, дурніца.

— Рамантыка, — сказала яна тады з вельмі пагардлівай, непрыемнай інтанацыяй.

Гэта было за тры дні перад ягонымі ўцёкамі, у лепшы, у самы страшны дзень яго жыцця.

Увесь той дзень яны ўдваіх ездзілі на райкомаўскім "казле" па прыокскіх паплавах. Травы біліся аб ветравое шкло машыны, ласкава хвасталі людзей па плячах. І ўсё гэта мора чырванела канюшынай, бялела дзятлінай, пахла медуніцай, ліпнула смолкай, вілося звяшкай, мякка гудзела пчоламі, дурманіла, круціла галаву. Дарожкі віліся ў гэтым шаленстве трыумфуючага жыцця такія вузкія, што праз некалькі гадзін дарогі ступакі абаіх, на дне "казла", былі засыпаны слоем абабітых бартамі кветак. Травы былі такія густыя, што, здаецца, ляж на іх і яны ўтрымаюць цябе над зямлёй.

— Івар, — сказала яна.

Імя ў яго было дзіўнае. Ён трохі нават ганарыўся ім і на пытанні, чаму такое, адказваў, што некаторыя прыдняпроўцы любяць варажскія імёны: у памяць аб Рагвалодзе і Рагнедзе.

— Івар, — сказала яна, — мілы. Што ж гэта?

Гэта яна ўпершыню так сказала. Ён ведаў, што не падабаецца ёй. Занадта ўжо быў сціплы ў параўнанні з іншымі, дасціпнымі, спрытнымі. Адно імя ў яго і было незвычайнае.

— Гэта радасць, — сказаў ён і нечакана дадаў: — Гэта ты.

Яна не здзівілася.

— Не, — сказала яна. — Гэта дзень. Бог мой, які дзень!

Дзень сапраўды быў найлепшы дзень жыцця. Івар спахмурнеў толькі аднойчы: убачыўшы пустыя лугавыя азёры, спушчаныя ў Аку. На дне была чорная, у трэшчынах, гразь. Гэта было недарэчна. Яны ўсё адно не зарастуць добрай травой. Вымачыць і ўвесну і ўвосень. А прыгажосці няма.

— Які дзень! — сказала яна.

Маячылі ў густой — утрымае, як ляжаш, — траве коннікі. І дзіўна было, што ног коней не відаць. І коннікі тыя былі калгасныя вартаўнікі, але, магчыма, і запарожцы ў стэпе ці скіфскія разведчыкі.

— Дзень які.

Дзень палымнеў. Сонцам — у вышыні, ярасным кілімам траў — унізе. Вартаўнік праскакаў паўз машыну. За канём беглі два сабакі, ля самых задніх капытоў.

— Што за сабакі? — спытала Ніка ў "скіфа".

— Ішчэйкі, — адказаў ён.

— Самі сабе хлеба ішчуць, — у тон яму сказаў Івар.

"Скіф" зарагатаў, хвастануў каня нагайкай, знік разам з сабакамі ў кветках, у чырвоным марыве.

…Некаторы час Івар вёў машыну моўчкі. Вакол гайдаліся, млелі, дурманілі, суха звінелі і вільготна шасталі паплавы.