Читать «Барвяны шчыт» онлайн - страница 12

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Збірайся, — сказаў ён. — Дай руку.

Яна глядзела на яго знізу дапытлівымі, дзіўнымі, трохі нават страшнымі ў гэтым зарыве вачыма.

— Сядай, — сказала яна.

Голас быў такі, што ён сеў, хаця і ведаў: дарэмна.

— Яны прайшлі, праўда ж? — спытала яна.

— Ну.

— І мы?.. І я прайду, і ўсё?.. Такое кароткае ўсё?.. Прайшлі — і косткі ў бульбе?

Ён маўчаў.

— Івар…

Ён маўчаў.

— Я яшчэ многага не разумею. І я… не магу без цябе ў гэты кароткі час… Што ёсць я без цябе?.. А ты… Я, разумееш… я слабая, відаць… А ты, я не ведаю, што такое ў табе?.. Але нешта трывалае, магутнае… Я не ведаю, што яно, але яно перажыве.

Голас яе задрыжаў.

— Ты сказаў мне аб ім, а я не зразумела… Я, відаць, вельмі абразіла цябе… Ты павер мне: я зразумею, зразумею цябе. Ты для мяне… як першы крок да тваёй праўды. Мне страшна без яе…

Ён маўчаў. Ён не верыў пасля ўсяго, што было.

— Ты паехаў, і я зразумела… Калі ласка, не адмаўляй мне…

Івар працягнуў руку, яшчэ не разумеючы, што здарылася.

— Я раптам адчула: ні хвіліны не магу без цябе.

Рыданні аддаліся так раптоўна над гэтым ярам, над гэтым пустым кратэрам, над полем, паўзверх якога плыў расплаўлены і грозны барвяны шчыт. Яны аддаліся так раптоўна, што ён спалохана схапіў яе за плечы.

— Што з табою?

— Я была дурная… Я нічога не разумела… Калі можаш… даруй мне, Івар.

Барвяны шчыт плыў над імі.