Читать «Балада пра сумнае кафэ» онлайн - страница 2

Карсан Маккалерс

У яе знайшліся б кавалеры, але мужчыны не цікавілі міс Амелію — ёй было лепш адной. Яе замужжа не было падобнае ні на адзін шлюб у акрузе: гэта быў дзіўны, небяспечны саюз, што працягваўся ўсяго дзесяць дзён, але вельмі здзівіў і моцна ўразіў увесь город. Калі не лічыць гэтага незразумелага замужжа, міс Амелія пражыла жыццё ў адзіноце. Надзеўшы камбінезон і гумовыя боты, яна цэлыя ночы праседжвала ў будане на балоце, падтрымліваючы слабы агонь пад перагонным апаратам.

Міс Амеліі спадарожнічаў вялікі поспех у любой справе, што рабілася рукамі. У суседнім горадзе прадаваліся прыгатаваныя ёю кілбасы і вантрабянка. Пагоднымі восеньскімі днямі яна малола сорга, сіроп у яе чанах атрымоўваўся цёмна-залацісты і прыемны на смак. Усяго за два тыдні яна пабудавала за крамай цагляную прыбіральню, і ў цяслярскай справе яна была майстрам. Вось толькі з людзьмі ў яе не выходзіла гэтак гладка. Людзей, калі толькі іх не змусіш абставінамі ці хваробай, нельга ўзяць у рукі і за ноч зляпіць нанова, каб выйшла што-небудзь больш вартае і прыбытковае. Таму, на думку міс Амеліі, людзей можна выкарыстоўваць адным чынам — зарабляць на іх грошы. А гэта яна рабіла вельмі паспяхова. Грошы ад закладных пад ураджай і маёмасць, прыбыткі ад лесапільні, працэнты ў банку... Яна была самая заможная жанчына ў акрузе і была б багатая, як кангрэсмен, калі б не адзін яе вялікі недахоп — цяга да судовых спраў. За якую-небудзь дробязь яна ўступала ў доўгія і заўзятыя судовыя разборы. Гаварылі, што дастаткова было міс Амеліі спатыкнуцца аб камень на дарозе, як яна адразу ж пачынала азірацца, шукаючы, на каго падаць у суд. Калі не лічыць судовых разбораў, жыццё яе было аднастайнае, кожны наступны дзень не адрозніваўся ад папярэдняга. Апрача замужжа, што працягвалася ўсяго дзесяць дзён, у яе жыцці не было ніякіх значных падзей да вясны таго года, калі ёй споўнілася трыццаць гадоў.

Быў ціхі красавіцкі вечар. Набліжалася поўнач. Неба было колеру сіняга балотнага касача, на ім ясна свяціў месяц. У тую вясну разлічвалі на добры ўраджай бавоўны, і ўжо некалькі тыдняў фабрыка працавала і ўначы. Яе цагляны будынак у лагчыне каля рэчкі свяціўся жоўтымі агнямі, адтуль далятаў ледзь чутны роўны гул станкоў. У такую ноч прыемна слухаць, як недзе далёка, за полем, працяжна спявае закаханы негр. Прыемна сесці і ўзяць у рукі гітару альбо проста адысціся ад усіх і пабыць аднаму, проста так, не думаючы ні аб чым сур’ёзным. На вуліцы ў той вечар было пуста, але ў краме міс Амеліі гарэла святло, а на ганку сядзелі пяць чалавек. Там быў Стампі Мак-Фэйл, майстар з фабрыкі, мужчына з чырвоным тварам і далікатнымі барвовага адцення рукамі. На верхняй прыступцы сядзелі два хлопцы ў камбінезонах — блізняты Рэйні, абодва цыбатыя і флегматычныя, з бялявымі валасамі і соннымі зялёнымі вачамі. Чацвёрты мужчына — Генры Мэйсі, чалавек сціплы і сарамлівы, да таго ж далікатны і нервовы, сядзеў на краі ніжняй прыступкі. Сама ж міс Амелія стаяла на парозе, абапёршыся аб вушак дзвярэй і скрыжаваўшы ногі, абутыя ў вялізныя балотныя боты. Яна цярпліва разблытвала вузлы на вяроўцы, што выпадкова трапіла ёй у рукі. Ужо доўгі час ніхто з прысутных не вымавіў ні слова.