Читать «Балада пра сумнае кафэ» онлайн - страница 6

Карсан Маккалерс

— Сядай,— сказала міс Амелія.— Зараз разагрэю яду.

У тую ноч яны добра падсілкаваліся. Міс Амелія была заможная жанчына і не скупілася на ежу. На вячэру была засмажаная курыца (грудку гарбун палажыў сабе на талерку), пюрэ з бручкі, лісце капусты і гарачы бледна-залацісты батат. Міс Амелія ела па-сялянску: паволі і з апетытам. Яна сядзела, паклаўшы локці на стол, нізка нахіліўшыся над талеркай, шырока расставіўшы калені і ўпёршыся нагамі ў перакладзіну паміж ножкамі крэсла. Гарбун жа праглынуў усё ў адно імгненне, нібыта ў яго з месяц нічога не было ў роце. У час яды па яго брудным твары скацілася сляза, але гэта была ўсяго толькі запозненая слязінка, якая нічога не азначала. На стале стаяла газавая лямпа, і агонь на акуратна падрэзаным кноце, блакітны па краях, ярка і весела асвятляў кухню. З’еўшы ўсё, што было на талерцы, міс Амелія выцерла талерку кавалкам хлеба і паліла яго празрыстым, салодкім, сваімі рукамі прыгатаваным сіропам. Гарбун зрабіў тое самае, толькі больш манерна, і папрасіў яшчэ. Павячэраўшы, міс Амелія адкінулася ў крэсле, пагойдваючыся на яго задніх ножках, і, сціснуўшы правую руку ў кулак, левай памацала пругкі біцэпс пад рукавом чыстай блакітнай кашулі — яна рабіла гэта машынальна, кожны раз пасля яды. Потым яна ўзяла са стала лямпу і кіўнула галавой у бок лесвіцы, запрашаючы гарбуна за сабой.

Наверсе, над крамай, былі тры пакоі, у якіх міс Амелія пражыла ўсё жыццё — дзве спальні і паміж імі вялікая зала. Мала хто быў у гэтых пакоях, але было вядома, што яны добра абстаўленыя і вельмі чыстыя. I вось цяпер міс Амелія вяла туды нейкага бруднага гарбуна, які бог ведае адкуль узяўся. Трымаючы лямпу над галавой, міс Амелія паволі крочыла праз дзве прыступкі ўгору па лесвіцы. Гарбун карабкаўся ўслед, трымаючыся так блізка, што ў дрыготкім святле лямпы яны адкідвалі адзін суцэльны кручаны цень. Хутка святло ў вокнах над крамай патухла, і іх, як і ўвесь горад, ахутала цемра.

Раніца наступнага дня была ціхая; неба на ўсходзе сонца было малінава-ружовае. У палях вакол горада аралі зямлю, і самыя ўвішныя арандатары ўжо высаджвалі там цёмна-зялёныя саджанцы тытуню. Над полем лёталі вароны, і па зямлі слізгалі іх блакітныя цені. У гэты ранні час з дамоў ужо выходзілі людзі, несучы ў руках кацялкі з ежай, а ў вокнах фабрыкі сліпучым золатам адбівалася сонца. Паветра было чыстае, а персікавыя дрэўцы ў цвеце нагадвалі лёгкія сакавіцкія воблачкі.

Міс Амелія, як заўсёды, выйшла ў двор амаль на досвітку. Яна напампавала вады, памыла галаву і неўзабаве занялася сваімі звычайнымі справамі. Праз нейкі час яна асядлала мула і паехала да фокс-фолскай дарогі праверыць свой участак, засеяны бавоўнай. Зразумела, да паўдня ўсе ў горадзе ведалі пра гарбуна, які сярод ночы прыйшоў у краму. Але пакуль што ніхто яго не бачыў. Паступова надыходзіў спякотны дзень і ў небе разліваўся густы паўднёвы блакіт. А дзіўнага госця так яшчэ ніхто і не бачыў. Некаторыя ўспомнілі, што ў маці міс Амеліі сапраўды была зводная сястра, але вось думкі пра яе лёс былі розныя: адны гаварылі, што яна памерла, другія — што збегла з тытунёвым маклерам. Што ж да прэтэнзій гарбуна на сваяцкасць, то ўсе лічылі гэта махлярствам. I, ведаючы міс Амелію, увесь горад быў упэўнены, што, накарміўшы гарбуна, яна пакажа яму на дзверы. Але пад вечар, калі неба пабялела, а на фабрыцы скончылася змена, адна жанчына аб’явіла, што бачыла крывы твар у адным акне над крамай. Сама міс Амелія маўчала. Нейкі час яна займалася рознымі канторскімі справамі ў краме, потым з гадзіну спрачалася з фермерам з-за плуга, адрамантавала загарадку ў куратніку, а перад захадам сонца замкнула дзверы і пайшла наверх у пакоі. Здзіўлены горад не ведаў, што і думаць, і таму поўніўся рознымі чуткамі.