Читать «Балада пра сумнае кафэ» онлайн - страница 102
Карсан Маккалерс
Салдат не паспеў нават падняцца з кукішак. Ён заміргаў ад святла, але на твары яго быў не страх, а здзіўленая незадаволенасць, як быццам яго дарэмна патурбавалі. Капітан быў выдатны стралок, і хоць ён выпусціў дзве кулі, у салдата засталася толькі адна крывавая рана.
Стрэлы збудзілі Леанору, і яна села ў ложку. Яшчэ не зусім прачнуўшыся, яна азіралася вакол сябе з такім выглядам, нібы бачыла нейкую сцэну з п’есы, якой-небудзь жахлівай трагедыі, у якую было неабавязкова верыць. Амаль тут жа ў дзверы з чорнага хода пастукаў маёр Лэнгдан і праз момант узбег па лесвіцы ў пантофлях і накінутым на плечы халаце. Капітан усім целам абапёрся аб сцяну. У сваім недарэчным грубым халаце ён нагадваў надламанага і распуснага манаха. Ад цела салдата, хоць ужо і мёртвага, усё яшчэ патыхала цёплым жывёльным спакоем. Выраз яго твару не змяніўся, а загарэлыя рукі ляжалі на дыване далонямі ўгору, быццам ён спаў.
ЗАЎВАГІ
1
Дзень сурка — сярод амерыканцаў існуе павер’е, што ў гэты дзень сурок вылазіць з нары і, калі ўбачыць свой цень, зноў вяртаецца дазімоўваць у сваё сховішча, г. зн. што, калі ў гэты дзень сонечна, наперадзе — халоднае і ветранае надвор’е, а калі пахмурна — вясна будзе ранняя і цёплая.
2
Вельмі стомленая (фр.).
3
Першы радок байкі Лафантэна «Варона і лісіца».
4
Кактэйль з віскі, горкага піва, цукру і скуркі лімона.
5
Вынашаная (фр.).
6
Выдатна (фр.).
7
Шэрлі Тэмпл — амерыканская дзяўчынка — кіна-зорка трыццатых гадоў.