Читать «Балада пра сумнае кафэ» онлайн - страница 100

Карсан Маккалерс

Пасля бойкі Уільямс пайшоў у спальны пакой і лёг на ложак. Ён палажыў пакет з цукеркамі пад падушку і ўтаропіўся ў столь. На дварэ дождж крыху сціх, і надышла ноч. Думкі ажывілі некалькі млявых мар. Уільямс падумаў пра капітана, але перад вачамі праплывалі толькі ўяўныя вобразы, пазбаўленыя сэнсу. Для гэтага маладога ўраджэнца поўдня афіцэры належалі да той самай не зусім вызначанай катэгорыі, што і негры — яны займалі нейкае месца ў ягоным жыцці, але ён не ставіўся да іх, як да чалавечых істот. Радавы Уільямс адносіўся да капітана з пачуццём фаталізму, як да надвор’я ці іншай прыроднай з’явы. Паводзіны капітана хоць і маглі здацца нечаканымі, але ён не звязваў іх з сваёй асобай. Ён не браў пад сумненне іх нармальнасць, як яго не мучылі пытанні, чаму бывае навальніца ці вянуць кветкі.

Ён больш не падыходзіў да дома капітана Пендэртана пасля таго, як раптам нехта ўключыў лямпу і ён убачыў чарнявую жанчыну, што стаяла на парозе і глядзела на яго. У той час ім авалодаў страх, але гэта быў страх хутчэй фізічны, чым усвядомлены. Пачуўшы грукат парадных дзвярэй, ён асцярожна выглянуў і ўпэўніўся, што ніякіх перашкод на яго шляху няма. Апынуўшыся ў лесе і зноў адчуўшы сябе ў бяспецы, ён ціха пабег, хоць добра і не ведаў, чаго ён спалохаўся.

Але думкі пра капітанаву жонку не пакідалі салдата. Ён сніў «пані» кожную ноч. Аднойчы, калі ўжо быў у войску, ён атруціўся птамаінам, і яго завезлі ў шпіталь. Ад адной думкі пра паганую хваробу, пераносчыцамі якой з’яўляюцца жанчыны, яго трасло пад прасціной кожны раз, калі да яго падыходзілі медсёстры, і ён лічыў за лепшае цярпець мукі, чым папрасіць іх зрабіць якую-небудзь паслугу. Але дакрануўшыся да «пані», ён ужо больш не баяўся гэтай хваробы. Кожны дзень ён даглядаў і сядлаў яе каня, глядзеў ёй услед, калі яна ехала на прагулку. Раніцай было золка і ветрана, твар капітанавай жонкі ружавеў, і яна была ў вясёлым настроі. У яе былі заўсёды прызапашаны Уільямсу які-небудзь жарт ці прыязнае слова, але ён ніколі не глядзеў ёй проста ў твар і не адказваў на жарты.

Уільямс ніколі не асацыіраваў яе са стайняй ці вольным паветрам. Для яго яна заўсёды была ў пакоі, дзе ноччу ён так засяроджана назіраў за ёй. Успаміны пра гэтыя гадзіны былі заснаваны выключна на пачуццях. У пакоі быў тоўсты дыван на падлозе, шаўковае пакрывала, тонкі пах духоў. Былі яшчэ раскошная цеплыня жаночага цела, цішыня і змрок — дзіўная асалода ў сэрцы і напружаная сіла ў целе, калі ён сядзеў на кукішках побач з ёй. Зазнаўшы ўсё гэта, ён не мог з ім развітацца; у ім нарадзілася незразумелае, нібы ў наркамана, палкае жаданне, спатоленне якога было непазбежнае, як смерць.