Читать «Балада пра сумнае кафэ» онлайн - страница 101
Карсан Маккалерс
Дождж аціх апоўначы. У казарме ўжо даўно патушылі святло. Уільямс не распранаўся, і калі дождж аціх, ён надзеў спартыўныя тапкі і выйшаў з казармы. Да капітанавага дома ён пайшоў звычайнай дарогай — краем лесу, што рос вакол ваеннага гарадка. Але ў той вечар месяц не свяціў, і салдат ішоў хутчэй, як звычайна. У адным месцы ён заблудзіўся, а калі падышоў да капітанавага дома, з ім здарыўся непрыемны выпадак. Ён спатыкнуўся ў цемры і трапіў, як яму спачатку здалося, у глыбокі роў. Каб даведацца, дзе ён, салдат чыркнуў некалькі разоў запалкамі і ўбачыў, што зваліўся ў нядаўна выкапаную яму. Дом быў ахінуты цемрай, і салдат, увесь падрапаны і запэцканы, яшчэ не паспеўшы перавесці дых, пастаяў некалькі хвілін перад тым, як зайсці. Тут ён быў раней шэсць разоў, гэта быў сёмы і — апошні.
Капітан стаяў каля акна сваёй спальні, што выходзіла на двор. Ён выпіў тры таблеткі, але так і не змог заснуць. Адчуваў лёгкі хмель ад выпітага брэндзі і лёгкае ўздзеянне лекаў — і не больш. Капітан, які меў моцную схільнасць да раскошы і быў вельмі пераборлівы ў адзенні, кладучыся спаць, пераадзеўся ў самую што ні на ёсць суравую бялізну. На ім быў халат з грубага сукна, што больш падышоў бы аўдавелай турэмнай наглядчыцы. Яго піжамы былі з суравой тканіны, цвёрдай, як брызент. Цяпер ён стаяў босы, хоць падлога была халодная.
Капітан, слухаючы посвіст ветру ў соснах, раптам убачыў у цемры мігценне агеньчыка. Праз міг вецер затушыў агонь, але якраз у гэты момант капітан паспеў заўважыць твар. I ад гэтага твару, выхапленага агеньчыкам з цемры, у яго перахапіла дых. Ён пачаў углядацца і ледзь змог разабраць постаць чалавека. Капітан схапіўся за халат і прыціснуў руку да грудзей. Ён заплюшчыў вочы і пачаў чакаць.
Спачатку ён не пачуў ніводнага гуку. Потым ён хутчэй адчуў, чым пачуў, асцярожныя крокі па лесвіцы. Дзверы ў пакой капітана былі прачыненыя, і праз шчыліну ён убачыў цёмны сілуэт. Ён нешта прашаптаў, але з горла замест голасу вырвалася толькі ціхае сіпенне, і яно злілося з шумам ветру за акном.
Капітан Пендэртан чакаў. Зноў заплюшчыўшы вочы, ён застыў ад пакутлівай невядомасці. Нарэшце ён выйшаў у пярэднюю і ўбачыў на фоне бледна-шэрага акна ў спальні жонкі сілуэт чалавека, якога ён увесь час шукаў. Пасля капітан прызнаецца самому сабе, што ўсяго адзін момант — і ён ведаў усё. На самай жа справе, у той міг, калі чакаецца моцнае, але яшчэ невядомае ўзрушэнне, розум, рыхтуючыся да яго, адразу траціць здольнасць здзіўляцца. У такі момант бездапаможнасці ў падсвядомасці, як на экране, мільгае цэлы калейдаскоп як бы напалову прадбачаных магчымасцей, і, калі няшчасце ўжо вядомае, узнікае пачуццё, што дзякуючы нейкім незвычайным сілам пра іх было вядома загадзя. Капітан дастаў з шуфляды тумбачкі, што стаяла каля ложка, пісталет, прайшоў праз калідор і запаліў святло ў спальні жонкі. У гэтыя хвіліны ў яго галаве ўзніклі абрыўкі ўспамінаў — цень каля акна, гук уначы. Ён сказаў сабе, што ведае ўсё. Але ён не змог бы выказаць тое, што ён ведае. Ён упэўнены быў толькі ў адным — гэта канец.