Читать «Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)» онлайн - страница 5
Генрих Белль
Другi раз памылка здарылася ў Гохбрэта: калi ён рабiў разлiкi статычных нагрузак вiядука над чыгункай каля Вiльгельмавага рова, i памылку гэтую тады знайшоў Кандэрс; яна другi раз за чатыры гады ўбачыла, як Фэмель схiлiўся над паперамi за пiсьмовым сталом. Ёй зноў прыйшлося iдэнтыфiкаваць нанесеныя чырвоным алоўкам Гохбрэтавы i Кандэрсавы лiчбы; пасля гэтага здарэння Фэмелю прыйшла ў галаву iдэя прызначыць кожнаму супрацоўнiку свой колер алоўка: Кандэрсу - чырвоны, Гохбрэту - зялёны,Шрыту - жоўты.
Трымаючы ў роце кавалачак шакаладу, яна ўпiсвала: "Дача кiнаактрысы", смокчучы другi кавалачак - "Пераробка будынка грамадскага прызначэння "Сас'етас". Як бы там нi было, клiенты рознiлiся прозвiшчамi i адрасамi, а атрыманыя планы праектаў будзiлi ў ёй адчуванне, што яна ўдзельнiчае ў чымсьцi сапраўдным: цэглу, плiты з штучных матэрыялаў, сталёвыя бэлькi, клiнкер, мяшкi з цэментам - гэта ўсё можна было сабе ўявiць, але аблiччы Шрыта, Кандэрса, Гохбрэта - хоць яна штодня пiсала iх адрасы на канвертах заставалiся для яе нерэальныя. Яна нiколi не бачыла гэтых людзей у бюро, яны нiводнага разу не тэлефанавалi, не пiсалi. Пры разлiках i рысунках, што яны дасылалi ў бюро, не было нiякiх каментараў. "Навошта нам лiсты? - сказаў неяк Фэмель. - Hе будзем жа мы тут займацца збiраннем споведзяў".
Часам яна брала з палiцы энцыклапедыю i шукала назвы мясцовасцей, якiя кожны дзень пiсала на канвертах: "Шыльгенаўэль. 87 жыхароў, у тым лiку 83 катол., парафiяльная царква XII ст. са знакамiтым алтаром". У Шыльгенаўэлi жыў Кандэрс, звесткi пра яго асобу яна ведала з страхавой карткi: "37 гадоў, нежанаты, катал. веравызн.". Шрыт жыў на поўначы, у Глудуме: "1988 жыхароў, у тым л. 1812 пратэст., 176 катол., фабрыка марынадаў, мiсiянерская школа". Шрыту было 48 гадоў, жанаты, пратэст., двое дзяцей, адно - ва ўзросце зв. 18 г. Месца жыхарства Гохбрэта ёй не трэба было спраўджваць у энцыклапедыi: ён кватараваў у прадмесцi Блесэнфэльд - адгэтуль усяго 35 хвiлiн аўтобусам; часцяком ёй у галаву прыходзiла дурнаватая думка: наведаць яго дома, упэўнiцца ў ягоным iснаваннi, пачуць голас, пацiснуць руку. Зрабiць гэткi нахабны ўчынак ёй не даваў толькi яго малады ўзрост - яму было толькi трыццаць два - i тая акалiчнасць, што ён быў нежанаты. Хоць мясцовасцi, дзе жылi Кандэрс i Шрыт, былi апiсаныя ў энцыклапедыi гэтаксама, як у пашпарце пазначаюцца звесткi пра асобу чалавека, а Блесэнфэльд яна добра ведала, нягледзячы на гэта, нiводнага з тых трох чалавек яна не магла сабе колькi-небудзь рэальна ўявiць; пры тым, што кожны месяц ёй даводзiлася пераводзiць за iх страхавыя ўзносы, рабiць розныя паштовыя аперацыi, перасылаць iм часопiсы i таблiцы; яны заставалiся такiя самыя нерэальныя, як той пан Шрэла, прозвiшча якога стаяла на чырвонай картцы, i якога Фэмель быў гатовы бачыць у любы час, i якi, аднак, за апошнiя чатыры гады не зрабiў нiякай спробы з iм сустрэцца.