Читать «Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)» онлайн - страница 182

Генрих Белль

Стары пачырванеў, падскочыў да мадэлi з цеста, падняў рукi, як барабаншчык, што збiраецца пачаць адбiваць гнеўныя гукi марша, i нейкую хвiлю ўсiм здавалася, што ён расчаўпе кулакамi гэты салодкi твор мастацтва; але тут ён раптам апусцiў кулакi, рукi бяссiльна павiслi з абодвух бакоў цела; пасля стары цiха засмяяўся, пакланiўся дзяўчатам-буфетчыцам, потым абодвум кельнерам, а выпрастаўшыся, выцягнуў з пiнжака свой кашалёк i даў усiм чатыром па купюры на чай.

- Калi ласка, - сказаў ён спакойна, - перадайце фраў Кронэр маю шчырую падзяку i таксама скажыце, што надзвычай важныя акалiчнасцi прымушаюць мяне адмовiцца ад маiх сняданкаў... важныя акалiчнасцi - каб ад заўтрага больш не снедаць у Вашай кавярнi.

Ён перачакаў, пакуль кельнеры i буфетчыцы выйшлi з дому, а потым голасна прамовiў:

- Ну, дзецi, а цяпер падайце мне вялiкi нож i талерку пад тарты!

Ён адрэзаў кавалак ад вежы касцёла Святога Антонiя i перадаў талерку Роберту.