Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 35

Невядомы

***

Беларусь апошніх двух стагодзьдзяў паўстала й сфармавалася менавіта ў гэтай цьмянай прасторы між-і-паўз-культурнага сутоньня, і, на першы погляд, выглядае парадаксальным, што беларускае мысьленьне не тэматызавала й не рэфлексавала сваёй рэальнай (тутэйшай) сытуацыі, аддаючы перавагу ідэйнай і тэкставай разбудове віртуальнага Архіпэлягу Беларусь. “Тутэйшыя” Янкі Купалы — адзінае, хаця й геніяльнае, выключэньне. На паўзьмежжы фармуецца беларуская суб’ектыўнасьць і беларуская суб’ектнасьць, на паўзьмежжы — між шляхецкай і народнай культурай — упершыню паўстае беларускае культурнае Я, якое, праз сэрыю мэтанімічных заменаў, уяўляе сябе то Мацеем Бурачком, заснавальнікам беларускага нацыянальнага наратыву, то, праз экспансію ў традыцыю,— Францішкам Скарынам, Кастусём Каліноўскім, Усяславам Чарадзеем і безьліччу іншых культурных масак. Паўзьмежжа — гэта прастора, у якой Адам Міцкевіч — сваё чужое, а Аляксандар Лукашэнка — чужое сваё.

ТРАНСКУЛЬТУРНАСЬЦЬ

Магчыма “культура” — усяго толькі рацыяналізаваная мэтафара абжытай, культываванай чалавечай прасторы; у такім выпадку марнасьць доўгіх і беспасьпяховых спроб надаць гэтаму слову дакладнасьць панятку ці ўнівэрсальнасьць катэгорыі знаходзіць сваё тлумачэньне. Культура — гэта ня космас, не ўнівэрсум, а ўсяго толькі айкумэна, родны кут, непазьбежна свой і непазьбежна абмежаваны.

Сувязь культуры зь мяжой — сутнасная: культура паўстае адно ў падзеі разьмежаваньня й адмежаваньня, але жыве й разьвіваецца толькі ў спробах перакрочваць свае межы, пашыраць свае абсягі. У дзевятнаццатым — дваццатым стагодзьдзях працэс геакультурнага разьмежаваньня практычна скончыўся, межы між культурамі кадыфікаваліся й легітымізаваліся. Што пры гэтым істотна: у выніку дэтэрытарызацыі прасторы зьмяніўся онталягічны статус культурнай мяжы. Калі раней яна набывала легітымнасьць адно ў дачыненьні да зямлі (тэрыторыі), яе сымбалічнага прачытаньня (ідэалёгіі, канфэсіі, прымітыўная ўлада), тэрыторыі як сукупнасьці рэсурсаў (геапалітыка),— дык цяпер адзіны крытэр культурнага разьмежаваньня ляжыць у сфэры паўставаньня й функцыянаваньня знакаў. Знакі згубілі сваю лякалізацыю, прывязанасьць да тэрыторыі (іхны сёньняшні топас — сыстэмнасьць). Вобраз саматоесных, замкнёных, геаграфічна лякалізаваных нацыянальных культур — відавочны анахранізм, які не адпавядае рэальнай сытуацыі. Мы ўступілі ў эпоху транскультурнасьці.

***

Мы будзем тут разумець пад тэрмінам транскультурнасьць — у самым агульным сэнсе — культурную трансцэндэнтнасьць, несупадзеньне культуры (і культур) з сваёй прасторава-часавай лякалізаванасьцю й тэкставай наяўнасьцю, размаітыя практыкі культурных трансгрэсіяў — выхаду культур за свае межы — у прастору іншых культур альбо ў прасторы, якія кожная эпоха пазначае для сябе як прасторы а-культурныя.

Прыстаўка транс пазначае пэўную дынаміку, рух праз альбо паўз пэўную прастору; у дачыненьні да культуры гэта можа значыць безьліч усялякіх рэчаў: функцыянаваньне знакаў, паўсталых у адной культуры — у іншай, культурнай прасторы, размаітыя практыкі пераходу культурных межаў, шматполюсную ідэнтычнасьць, якая апэлюе да розных культурных традыцыяў, самі традыцыі, якія складаюцца з гетэрагенных, а часам і ўзаемавыключальных элемэнтаў й г.д. У гэтым сэнсе транскультурнасьць — ня столькі акрэсьлены панятак, колькі праблемнае поле, пазначэньне факту, што сёньняшняя плянэтарная сытуацыя ў культуры ёсьць ня столькі мэханічнай сумай розных (і роўных) культур, колькі дынамічнай раўнавагай (ці нават дынамічным хаосам?!) розных і няроўных (несувымерных) культур, знакі якіх няспынна вандруюць, карыстаючыся ўсё больш эфэктыўнымі пасярэднікамі.