Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 33

Невядомы

ПАМЕЖЖА

Тэрмін памежжа характарызуе пэўным чынам топіку прасторы: памежжа — гэта прастора, прылеглая да мяжы, злучаная й зьнітаваная мяжой, прастора, для якой менавіта мяжа ёсьць арганізавальным прынцыпам, сутнасьцю і цэнтрам прыцягненьня. Памежжа разьлягаецца паабапал мяжы, і ягоны тапалягічны статус парадаксальны: памежжа набывае пэўную цэльнасьць праз факт уласнай падзеленасьці, г.зн. праз дынамічную падзею разьмежаваньня, сустрэчы й пераходу Свайго й Чужога, альбо Аднаго й Іншага. Менавіта гэтая дынамічная падзея адпавядае таму, што ў эўрапейскім мысьленьні завецца сутнасьцю, цэнтрам, прынцыпам, першапрычынай, Богам.

***

Гэтыя словы (сутнасьць, прынцып, цэнтар) звыклыя для эўрапейскага мысьленьня, але ў пэўнай геамэтрычнай праекцыі: праекцыі кола, альбо сфэры, у якіх ёсьць цэнтар і пэрыфэрыя. У такой прасторы рух у цэнтар і ад цэнтру — адзін і той жа рух; штосьці імкнецца да цэнтру, дасягае яго й супакойваецца ў сваёй сутнасьці, нерухомее й надалей завецца першапрынцыпам, Богам, Адзіным. Пытаньне, у якой ступені эўрапейская онталёгія (магчымыя эўрапейскія онталёгіі) застаюцца ў палоне гэтай геамэтрычнай мэтафары, застаецца адкрытым. Але памежжа, убачанае з пэрспэктывы цэнтру, не існуе ані як онталягічная, ані як тапалягічная цэльнасьць, ці, калі перафармуляваць гэтую думку, з пэрспэктывы онталёгіі цэнтру, памежжа існуе адно як мэханічнае злучэньне дзьвюх пэрыфэрыяў, падзеленых мяжой. Каб напраўдзе ўбачыць памежжа, мы мусім уявіць сабе нейкую іншую онталёгію, знайсьці іншую мэтафару.