Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 31

Невядомы

Заўважу таксама, што падобныя ж рэпрэсіўныя тэхнікі аўтэнтызацыі тых або іншых ідэалягемаў пасьпяхова выкарыстоўваюцца й сёньня, а на абшарах былога СССР, дзе няшчырая, “езуіцкая”, эксплюатацыя традыцыяналісцкіх установак электарату была рэзумавана слёганам “Галасуй, а то прайграеш”,— і наагул бліскуча. З гэтага ж арсэналу мэтадаў і сёньняшняе падаграваньне настальгіі па страчанай “вялікай і магутнай Радзіме”… Гісторыя шматкроць паказвала, што тыя, хто такім чынам заўзята клянуцца ў “любові да народу”, гатовы высмактаць з гэтага народу ягоныя апошнія клёкі. Ды толькі гісторыя, як ведама, вучыць ня тых, каму ня грэх бы й падвучыцца…

Другі паралельны працэс — гэта Рэфармацыя, зварот да гэтак званага першапачатковага, аўтэнтычнага, сапраўднага хрысьціянства. Тут рэвалюцыйны патас быў скіраваны ўжо ня гэтулькі на традыцынйую народную культуру, якая захоўвала яшчэ рэшткі “жывой антычнасьці”, колькі на сталую на той час таксама ўжо традыцыйнай самую хрысьціянскую царкву. Апошняя, будучы мушана гэтулькі стагодзьдзяў мірыцца і з рэшткамі антычнае эпохі, і з народным паганствам ды праз гэта нават багата ў чым спрыяць іхнаму захаваньню, хай сабе часта й у вельмі трансфармаваным, пэрвэртаваным выглядзе, не магла задавальняць радыкальна настроеных хрысьціянскіх інтэлектуалаў. Традыцыйныя цэрквы — і праваслаўная, і асабліва каталіцкая — заставаліся ідэалягічным апірышчам цывілізацыі, якая ўжо адыходзіла ў гісторыю, цывілізацыі, угрунтаванай на каштоўнасьцях фэадальнага аграрнага грамадзтва. Пачыналася новая эпоха, і на гістарычную сцэну выходзілі носьбіты новых каштоўнасьцяў гарадзкое культуры — рамесьнікі ды купцы. Яны на сьвет глядзелі ўжо “чыстымі хрысьціянскімі вачыма”, што для іх азначала, між іншага,— з гледзішча чыстага бізнэсовага посьпеху. Так, ананімны ангельскі аўтар пісаў у 1671 г.: “У папскай рэлігіі ўтрымоўваецца нейкая спрыроджаная няздольнасьць да прадпрымальніцтва, а ў людзей Рэформы, наадварот, чым гарачэйшы рэлігійны запал, тым мацнейшае памкненьне да гандлёвых і прамысловых заняткаў”. Зрэшты, сувязь паўсталае новае буржуазнае мадэрнісцкае культуры з самым духам пратэстантызму ўжо шматкроць абмяркоўвалася.