Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 30

Невядомы

Працэсы культурнае інтэрфэрэнцыі могуць ахопліваць вялізныя геаграфічныя абшары й расьцягвацца на цэлыя тысячагодзьдзі. Найяскравейшы й набліжэйшы прыклад гэтага — хрысьціянізацыя Эўропы, якая — што праўда, mutatis mutandis — працягваецца й па сёньня. Але рана ці позна надыходзіць час “падбіваць рахункі”. Першай зазвычай робіць гэта культура-пераможца, у гэтым разе — хрысьціянская. Стан двухвер’я й рэлігійнага сынкрэтызму, уласьцівы ўсяму Сярэднявеччу, напрыканцы Сярэдніх вякоў і напярэдадні Новага часу касуецца самым рашучым чынам. Праяўляецца гэта ў дзьвюх, зрэшты, вельмі шчыльна адзін з адным павязаных працэсах, што ў той ці іншай меры ахапілі ўсе краіны тагачаснае Эўропы, у тым ліку й Вялікае Княства Літоўскае. Першы — гэта сумна вядомыя “працэсы над ведзьмамі”, пачатак і кульмінацыя якіх прыпалі на эпоху Адраджэньня, якую ў культуры мадэрнізму прынята было лічыць — і гэтак застаецца дагэтуль — эпохаю гістарычнага аптымізму й самасьцьвярджаньня чалавечага духу. Па вялікім рахунку, гэта была самая рашучая барацьба з рэшткамі народнага (бо інстытуцыялізаванага на той час у Эўропе ўжо быць папросту не магло) паганства, а значыць — і з дзьвюхвер’ем, зь якім царкве гэтак доўга давялося мірыцца, суіснаваць і нават падладжвацца пад яго. Новая культура й новая ідэалёгія, нарэшце, маглі паказаць усю сваю моц, і яны яе паказалі. Пазьней, ужо ў эпоху Асьветніцтва, гэтая барацьба набывае аблічча “змаганьня з забабонамі” традыцыі, на абарону якіх ня надта шчыльнымі шэрагамі, але ня менш рашуча выступілі эўрапейскія кансэрватары. Не абмінула “паляваньне на ведзьмаў” і Вялікага Княства Літоўскага. Апісаньні іх трапілі ў пісьмовыя помнікі й дазваляюць да пэўнай ступені адчуць агульнакультурную атмасфэру тых часоў. Напрыклад, адзін з гэткіх судовых працэсаў адбыўся ў Горадні ў 1691 г. над чараўніком Максімам Знакам. Чытаючы матэрыялы на гэтую тэму, наагул цяжка пазбыцца ўражаньня, што ўсялякая рэвалюцыя — а паўстаньне культуры Новага часу мае ўсе азнакі рэвалюцыі — абавязкова рана ці позна ўвасабляецца ў сваёй інквізыцыі або НКВД, альбо ў чым-колечы яшчэ й пад якой заўгодна назвай, галоўная мэта чаго — фізычнае вынішчэньне, прынамсі, найбольш актыўных альбо патэнцыйна актыўных носьбітаў пераможанага сьветагляду. Бо культуры, а пагатоў традыцыйныя, ніколі не зьмяняюцца раптоўна самахоць, у выніку дзеяньня нейкіх іманэнтных законаў “адзінства й барацьбы процілегласьцяў” або “адмаўленьня адмаўленьня”, пра што нам цьвердзіла школьная дыялектыка. Хутчэй, наадварот — самая гэткая дыялектыка (у гегелеўскай, марксавай ці нейкай іншай адмене) была нічым іншым, як прыпозьненай рэфлексіяй “вайны культур”, якая адным з бакоў па сутнасьці ўжо выйграна. І гэтаму боку належыць ініцыятыва “зьняцьця” (Aufhebung) супярэчнасьцяў (у сваёй) падставе.

Аднак трэба яшчэ зацеміць, што ідэалягічны прэсынг на традыцыйную сьвядомасьць быў нагэтулькі ў тыя часы моцны, што адбываецца дзіўны працэс аўтэнтызацыі ідэалягічных установак кіраўнічай эліты. “Паляваньне на ведзьмаў” стае элемэнтам трансфармаванае традыцыйнае культуры, больш за тое, яно рытуалізуецца, набываючы яшчэ й неўласьцівыя яму самому і, па вялікім рахунку, самой традыцыйнай культуры сымбалічныя вымярэньні. Тут гаворка ідзе пра рытуальнае — а значыць спанявольнае й абавязковае для ўсіх — “паляваньне на ведзьмаў” на пэўныя буйныя каляндарныя сьвяты. У нас — пераважна на Купальле, у іншых краінах маглі быць і іншыя каляндарныя прымеркаваньні. “Паліць ведзьму” — на новым псэўдатрадыцыйным “жаргоне” стала азначаць: рытуальна спальваць любую жывую істоту (жабку, сабаку, ката й інш.), якім не пашэнціла наблізіцца да купальскага вогнішча. Перакананы, што паводле шэрагу істотных прыкмет “культурны ўзрост” гэтае традыцыі наўрад ці перавышае якіх два ці тры, ад сілы чатыры, стагодзьдзі. І тым ня менш, большасьцю сучасных этнографаў ён кваліфікуецца як безумоўна аўтэнтычны, старажытны й, натуральна, дахрысьціянскі.