Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 271

Невядомы

Жыхары былой імпэрыі настальгуюць па будучыні. Чыстыя вуліцы й памытыя муры, дагледжаныя дарогі, пацалункі ў хмызах, збудаваныя вочкі й помнікі вечна жывым паэтам. Добра схаваныя ў скуру гмахаў каналізацыйныя трубы насамрэч пакрысе пераходзяць у вадаправодныя.

Горад трэба бачыць гадзіне а чацьвёртай. Вецер гоніць па зяблай асфальтавай пустэльні бязладныя рэшткі газэт, плясмасавых шклянак, луску трапічных фруктаў, скарыстаныя прэзэрватывы. Праз гадзіну зьяўляюцца санітары грамадзтва й вымятаюць сп’янелыя целы.

Нябытнае робіць сьмецьце, гвалт, сэкс больш чым відавочнасьцю, больш чым цэнтрам увагі, больш чым дэкарацыяй дзеяў. Нібыта прапускаючы іх у зданьнёвы цэнтар сваёй бесхрыбетнай структуры, яно насамрэч іх лягчае й утылізуе, робіць бясшкоднымі й незаўважнымі. Наданьне нобэлеўскай прэміі, ушанаваньне памяці пісьменьнікаў ёсьць ужо спосабам ня проста архівацыі паэзіі, але яе перапрацоўкі.

Плянавая зачыстка мясцовасьці, групавуха, экалягічная катастрофа на экране — гэта нешта зусім адрознае ад забойства, скляшчэньня й нафтавага возера як падзеяў бытнага. Сэнс ня проста наліваецца ў келіх нонсэнсу, але цячэ церазь ягоны край і памнажаецца да бясконцасьці як аб’ект для аматарскай відэакамэры.

Мастацкі чын выкідае з машыны й закідае назад у бытнае пры паўстаньні й пры ўспрыманьні. Першая й другая падзеі абсалютна тоесныя адна адной, і значыць — адно. Нават калі гэта штучнае бытнае з сэрыйным нумарам і сэйвамі ў адпаведнай дырэкторыі. Вочы Вія, адплюшчаныя ў “Might and Magic VII”.

Вышэйпамянёныя амаль заўжды — каляровыя ксэракопіі “сапраўднасьці” — завалены сваім віртуальным брудам, там направа й налева разьлятаюцца забітыя, і дзяўчаты шырока рассоўваюць ногі. Няма прынцыповай розьніцы. Гэтае сьмецьце выклікае нешта дужа падобнае на тое, што цягне за сабой зьняісьнены арыгінал — нішто.

Бытнае — адно, і нябытнае ўжо таксама — адно. Вынік мастацкага чыну заўжды адзін. Хуткасьць асацыяцыі непараўнальна большая, чым кліканьне мышкай па падкрэсьленых слоўцах. Тэкст скерзаны на трохі вышэйшым узроўні, чым набор і аўтаматычнае распазнаваньне накрэсаў, пісаньне направа, налева, ўгору й долу, крывёй, малаком або конскім гноем. Падмена радзімы.

Быць — дзеяслоў дужа пераходны. Каб чыніць хоць-што, трэба сьпярша гэта быць. Праца, прафэсійная дзейнасьць — толькі шум пракручваньня колаў нябытнага, жыцьцё. Чын жа — калі ўначы недалёка ад рэек на скелзе, заваленым жарствай, чуваць гэты гук, відзён яго цень, і баліць зламаная ў падзеньні рука. Мастацкі чын вымагае працягласьці бытнага й угрунтаваньня ў ім.

2

Вось пакаленьне, багатадасьведчанае яшчэ не пражытым жыцьцём. Статак юных старцаў са слоганам: усё было. Як безумоўны рэфлекс, імгненная першая рэакцыя, адразу, у той жа момант, калі ў поле зроку трапляе хоць штосьці ўчыненае — загадзя палічанае цытатай зь непрачытанай кнігі. Вайна яшчэ не абвешчана, але ўжо падпісана капітуляцыя.