Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 253

Невядомы

6

Ільга сказаць, што за кароткі тэрмін свайго існаваньня беларускі літаратурны авангард здолеў вычарпаць дэструктыўныя магчымасьці мадэрнісцкіх плыняў і паступова пачаў набываць постмадэрнісцкія рысы. Гэта сьведчыць, сярод іншага, аб неабходнасьці пераасэнсаваньня самой сутнасьці авангарднага руху, які сёньня знаходзіцца ў стадыі паступовай, але няўхільнай нутраной трансфармацыі. Разгледзім цяпер адну з магчымых рэінкарнацыяў духу авангарду: постмадэрнізм.

Вышэй мы азначылі постмадэрнізм як працяг аналітычных тэндэнцыяў мадэрнізму на гіпэр-сынтаксычным узроўні: між тым, як мадэрнізм аналізуе сам корпус мовы, постмадэрнізм імкнецца аналізаваць увесь корпус існых у мове тэкстаў. Між тым, як скіраванасьць мадэрнізму ёсьць хутчэй лінгвістычнай, дык скіраванасьць постмадэрнізму — літаратуразнаўчай. Такім чынам, постмадэрнізм разглядае папярэднюю літаратурную гісторыю як дасканалы, скончаны (пэрфэктыўны) працэс, якога неперарыўнасьць, адвольна абвяшчаецца (нейкім незразумелым чынам) перарванай. У выніку (?) гэтага працэсу, маўляў, “усё было выказанае”, таму сёньняшняму творцу застаецца толькі 1) нападабняць ужо існыя літаратурныя ўзоры, 2) ствараць адмысловыя літаратурныя калажы з цытат, выцягнутых з ужо існых і (добра)вядомых чытачу тэкстаў. Як бачым, у адрозьненьне ад аналітычнага падыходу мадэрністаў, падыход постмадэрністаў да папярэдне створанай літаратуры ёсьць, у прынцыпе, некрытычным, апалагетычным.

Гэтым шляхам з былых авангардыстаў пайшоў, напрыклад, Міхась Баярын; акрамя таго, ёсьць яшчэ некалькі прадстаўнікоў гэтай плыні (Хадановіч, Бабкоў), якія аддаюць даніну сёньняшняй павальнай, хоць і запозьненай, модзе на постмадэрнізм у беларускім культурным асяродзьдзі.

Мода на постмадэрнізм ёсьць, так бы мовіць, модай на адукаванасьць сярод літаратараў: справа ў тым, што антаганістычны да ўсяго старога мадэрнізм адукаванасьцю часта пагарджаў, між тым, як постмадэрнізм яе падкрэсьлівае як адзін з атрыбутаў сваёй “анты-мадэрновасьці”. Наагул, выстаўляючыся анты-мадэрнізмам, постмадэрнізм імкнецца быць, па сутнасьці, мадэрнізмам у мадэрнізме, то бок, быць сучасьнейшым за сучаснасьць, быць сучасным за кошт ахвяраваньня самой сучаснасьцю. Гэтаксама — як мадэрнізм (тут маецца на ўвазе эўрапейскі) адмаўляе ўвесь папярэдні літаратурны досьвед, зыходзячы ня з вартасьцяў гэтага папярэдняга досьведу, а са сваёй патрэбы адмаўленьня, гэтак і постмадэрнізм прымае ўсё папярэдняе, зыходзячы, зноў-такі, не зь яго самога, а са сваёй уласнай патрэбы супрацьстаяньня й пераадоленьня мадэрнізму. Абедзьве плыні ёсьць праявамі своеасаблівай зьдзяцінеласьці мастацтва: толькі ў адрозьненьне ад мадэрнізму, які ёсьць мастацтвам хуліганаў і недавучак, постмадэрнізм ёсьць мастацтвам зубрылаў. І там, і там, трэба заўважыць, сустракаюцца свае вундэркінды.