Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 254

Невядомы

Дзіўным зьяўляецца той факт, што прадстаўнікі сучаснага беларускага постмадэрнізму не заўважаюць (ці імкнуцца не заўважаць) існаваньня беларускага літаратурнага авангарду, пры гэтым абвясьціўшы сябе пераемнікамі ідэалягічных (хутчэй, функцыянэрскіх) пазыцыяў першай хвалі незалежнай беларускай літаратуры, якой, як мы ўжо адзначалі, быў адпачатна ўласьцівы рэвалюцыйны імпэт. А між тым, менавіта беларускі авангард гэты імпэт успадкаваў і давёў рэвалюцыю ў літаратуры да ейнага “лягічнага”, то бок, транслягічнага канца, разбурыўшы падмуркі агульнапрынятага беларускага літаратурнага дыскурсу й самім фактам свайго запозьненага ўзьнікненьня паказаўшы ягоную надзвычайную адсталасьць. Цяпер прадстаўнікі беларускага постмадэрну, наадварот, імкнуцца гэты разбураны дыскурс зноўку зьляпіць у адзіны цалак, каб падкрэсьліць сваю пераемнасьць з “традыцыяй”, прычым, папросту ігнаруюць як семдзесят год існаваньня беларускай літаратуры савецкага пэрыяду, так і спробы беларускага авангарду гэтую літаратуру “дэсаветызаваць”. Іхнай мэтай ёсьць зноўку пачаць адлік існаваньня беларускай літаратуры ад дарэвалюцыйнага часу, а беларускай гісторыі — ад часоў БНР. Пры гэтым, нягледзячы на зьмену рыторыкі й палітычных лёзунгаў, паводле свайго духу й спосабу мысьленьня беларускі постмадэрнізм застаецца зьявай чыста постсавецкай, бо абапіраецца на той самы нерэфармаваны дыскурс першай хвалі маладой беларускай літаратуры, з уласьцівымі ёй права-кансэрватыўнымі (антыкамуністычнымі) палітычнымі перакананьнямі й рамантычнымі поглядамі як на беларускае адраджэньне пачатку ХХ стагодзьдзя, так і на беларускую гісторыю ўцалку. На падмурку гэтых постсавецкіх (шмат у чым папросту памылковых) уяўленьняў прадстаўнікі постмадэрнізму імкнуцца стварыць і дагматызаваць нацыянал-фундамэнталісцкую байку аб Вечнай Беларусі, а ў якасьці будаўнічага матэрыялу скарыстаць клясычную літаратурную спадчыну. Пры гэтым яны фактычна абараняюць грамадзкія пазыцыі, здабытыя першай хваляй беларускай літаратуры ў 1991—1994 гг., ад таго часу не пасунуўшыся наперад ані на крок ані ў літаратурным, ані ў палітычным мысьленьні. Аб якой рэвалюцыйнасьці ільга весьці гаворку? Замест разбурэньня старых стэрэатыпаў мысьленьня на іхным падмурку ствараюцца новыя, яшчэ больш жудасныя стэрэатыпы. Да беларускіх постмадэрн-кансэрватараў надзвычай падыходзяць цытаваныя Бэн’ямінам словы аднаго нямецкага крытыка, сказаныя аб так званай “левай” інтэлігенцыі часоў наступу фашызму: “З рабочым рухам гэтая левая інтэлігенцыя ня мае нічога агульнага... Ейнай функцыяй ёсьць ствараць у палітыцы ня партыі, а клікі, у літаратуры ня школы, а моды, у эканоміцы не вытворцаў, а пасярэднікаў. Пасярэднікаў ці пасярэднасьцяў, якія робяць са сваёй галечы вялікую раскошу, а са зьзяючай пустэчы — сьвята. Утульней уладкавацца ў няўтульнай сытуацыі немагчыма”.

7

Беларускі авангард стаўся рэвалюцыяй у беларускім мастацкім дыскурсе, своеасаблівай “працай над памылкамі” беларускай савецкай літаратуры. Што ж, за стадыяй аналізу павінна была б лягічна надысьці фаза сынтэзу, дэканструкцыя павінна была б зьмяніцца рэканструкцыяй, з “навукова” адкрытых беларускімі мадэрністамі элемэнтарных часьцінак літаратурнага матэрыялу мусілі былі ўзьнікнуць новы, “штучны” сусьвет, новы дыскурс, новая моўная рэчаіснасьць, новае бачаньне сьвету, новы сьветапогляд... Калі гэтага не адбудзецца, нашто тады было руйнаваць стары сьвет, як думаюць некаторыя? Ці не зьяўляецца сёньня беларускі авангард ужо састарэлай плыняй, пераадоленай часткай літаратурнага досьведу мінуўшчыны? Магчыма, у сучасных літаратурных варунках дэструктывізм беларускага авангарду хутчэй стрымлівае, чымся прысьпешвае літаратурнае разьвіцьцё?