Читать ««Калі закваскі няма, нічога не створыш»» онлайн - страница 2
Валентин Сергеевич Маслюков
Менавіта ў нас пачалі друкавацца вядомыя Брайдэр і Чадовіч. Спачатку іх запрасілі пісаць фантастычную серыю апавяданняў пра ПТВэшнікаў. А потым яны апублікавалі сваё першае нашумелае апавяданне «Тэлепатычная стрэльба».
— А як вы можаце ахарактарызаваць стан фантастычнай літаратуры сёння?
— Справа ў тым, што ў сучаснай рускай і беларускай літаратуры не існуе агульнага інтарэсу і ўзаемных зносін. Агульная культурная прастора ўяўляе сабой не адзінае цэлае, а нешта мазаічнае. Калі ты свой у адной маленькай групе, то ты там геній, калі чужы, то... I гэта ўсё вельмі кепска. Але гэта сучасны стан грамадства.
— А што можна сказаць датычна сучаснай беларускай фантастыкі?
— Я баюся, што апошнія раманы не назаву. Я цяпер нічога не чытаю, акрамя таго, што трэба па рабоце, проста таму што няма часу. Напэўна, вы ведаеце, што ў нас самы вядомы аўтар — Вольга Грамыка. Калісьці я нейкія кнігі яе чытаў. I я адзначу, што ў адмысловым захапленні ад рамана Сяргея Булыгі «Чужая карона». Лічу, што гэта майстэрская рэч, годны твор — маляўнічы, вобразны, яркі. Шкада, што яго ў нас не ведаюць.
— Калі ён настолькі добры, чаму яго ў нас не ведаюць?
— 3 адной прычыны: ён апублікаваны ў Маскве на рускай мове. Калі б твор з'явіўся на беларускай, адразу б стаў класікай. Адназначна, таму што іншых такіх рэчаў проста няма. У Расіі кніга даўно разышлася i мела там рэзананс, наколькі я ведаю. Але я гляджу аптымістычна: раз гэтая рэч існуе — то яна ўжо нікуды не дзенецца.
— Хацелася пагаварыць i пра вашу творчасць. Самы вядомы твор — «Нараджэнне чараўніцы». Раскажыце, як пачалі работу над ім?
— Быццам наогул выпадкова. Я скончыў гістарычны раман, які мне вельмі цяжка даўся, напісаў раман «Таямніцы перапіскі». А потым я вырашыў, што добра было б адпачыць, напісаць што-небудзь лёгкае.
Вырашыў, што напішу невялікую казку: у кнізе не павінна быць больш чым дзвесце старонак.
Але калі я стаў складаць сюжэт, то зразумеў, што нічога не атрымліваецца: усё здавалася занадта банальным. Увогуле, пачаў пісаць з прыблізным планам. I аказалася, я вельмі моцна пракалоўся, таму што калі ты пішаш, і ў цябе няма дакладнага сюжэта, то цябе развозіць.
Напісаў першыя восем старонак, а потым — раз і ўсё: далей тэкст не ідзе. Такі балючы стан. Я адчуў, што ўсё гэта банальна, дрэнна. I я вярнуўся да пачатку — усё перарабіў. У мяне зусім памяняўся Юлій, характар быццам перавярнуўся на 180 градусаў.
Як першыя два гады я пісаў — успомніць страшна, паўтарыць немагчыма. Увесь гэты час я пісаў у суцэльным адчаі, з поўным прадчуваннем правалу, з думкай, што гэта нікуды не падыходзіць, нічога не атрымаецца, нікому не трэба. Пісаў толькі на пачуцці адказнасці: узяўся — трэба давесці да канца. А калі я ўжо пераваліў праз сярэдзіну і ўбачыў, што атрымліваецца, то ўсё пайшло хутчэй, весялей. Ужо не было таго адчування духаты, калі не ведаеш, да чаго ты прыйдзеш.
— Першая частка дастаткова моцна вылучаецца. Як вы можаце гэта пракаментаваць?