Читать «Я цёмнай ночкай мроіў...» онлайн - страница 3

Эрых Марыя Рэмарк

Песня скончылася. Брокман не варухнуўся. Ён ляжаў вельмі ціха. Настаўніца кіўнула, і дзеці пачалі песню зноў. Тут Герхарт павярнуў галаву, быццам слухаў, і нешта падобнае да баязлівай лёгкай усмешкі прабегла па яго твары. Ён заварушыў вуснамі. Я схіліўся над ім. Спачатку словаў было не разабраць, таму я пасунуў трохі вышэй падушку пад ім.

— На тры галасы, — шаптаў ён, — на тры галасы…

Ён змоўк і паглядзеў на дзяўчыну. Яна была вельмі маладая, і я не мог паверыць, што яна ўжо настаўніца. Мне ж самому было толькі дзевятнаццаць, але я адчуваў сябе старым. Яна выглядала яшчэ дзіцем і, напэўна, не разумела, што адбываецца. Магчыма, яна хацела зрабіць хвораму што-небудзь добрае, але зусім не думала, што тут ляжыць чалавек, перад якім заходзіць свет і які яшчэ раз бачыць сваё юнацтва.

Вечарам, а дзявятай, Герхарт зрабіўся неспакойным. А палове дзясятай стала бачна, што яго цела кідае на барацьбу са смерцю апошнія рэзервы. А дзясятай ён рыпеў, як лакаматыў, пот ручаямі ліў па твары, Герхарт трымцеў і задыхаўся, лёгкія булькаталі, а скрыўленыя вусны хапалі паветра. Потым ён сціх, але застаўся ў прытомнасці.

— Дайце ж яму морфію, каб ён супакоіўся, сястра, — прасіў я.

Яна адмоўна хітнула галавой.

— Гэта супярэчыць веры, — адказала яна.

— Тады дайце мне, — сказаў я. — Гэта ж усяго толькі міласэрнасць! Пакіньце вось тут! Забудзьцеся, калі будзеце выходзіць!

Яна зірнула на мяне.

— Смерць — справа аднаго Бога, — сказала яна і ціха дадала: — А калі не так, то як тут можна вытрываць?

А палове адзінаццатай зрабілася так дрэнна, што я не мог больш на яго глядзець. Я мусіў нешта зрабіць і хутка зразумеў, што.

Як я выйшаў з палаты, не памятаю. Таксама не памятаю, адкуль даведаўся, у якой палаце ляжыць тая дзяўчына. На шчасце, па дарозе мяне ніхто не бачыў. Я не ведаю, што я сказаў ля яе дзвярэй, але яна, мусіць, зразумела, бо пайшла са мной, не задаючы лішніх пытанняў.

Яна села на ложак Брокмана і ўзяла яго потную далонь. Дзяўчына трымцела, але трымалася мужна. І тое, на што я ледзь спадзяваўся, здарылася: Герхарт супакоіўся. Ён і далей хрыпеў, але не так пакутліва.

Начная сястра прыйшла а дванаццатай. Гэтая тлустая жанчына была адзінай, якая нікому не спачувала. Убачыўшы дзяўчыну, яна развярнулася і пайшла назад. Я паспрабаваў усё растлумачыць. Але яна толькі хітала галавой. Шпіталь каталіцкі, тут з такім строга. Для сястры смерць была будзённасцю, нашмат больш незвычайнай была прысутнасць у нашай палаце дзяўчыны.