Читать «Я цёмнай ночкай мроіў...» онлайн - страница 2

Эрых Марыя Рэмарк

Калядная раніца выдалася шэрай і сумнай. Медсёстры ў вялікай зале лазарэта зладзілі свята, упрыгожылі елку ліхтарыкамі, шарамі і каніцеллю, а кожны з нас атрымаў у падарунак яблыкі, кексы, цыгарэты і нават пару шкарпэтак. У абед да мяне прыйшлі. Мой таварыш Людвік Браер. Мы згубілі адзін аднаго ў Фландрыі падчас наступлення, і мне даводзілася чуць, што ён загінуў. Але цяпер ён стаяў перада мной здаровы, збіраючыся ў адпачынак на чатырнаццаць дзён. І ўсё ж са Святога вечара не прыйшоў ніводны сапраўдны сябар. Усе ведалі: Брокману засталося жыць вельмі мала.

Канцылярыя марна спрабавала адшукаць родных і тэлеграфаваць, каб нехта прыехаў пабыць з Брокманам апошнія дні. Не ўдалося. Бацькі памерлі, братоў і сясцёр у яго не было, а на іншыя пытанні ці мог ён цяпер адказаць? Ён цэлы дзень толькі хрыпеў.

Людвік Браер сядзеў у мяне, пакуль не пачало змяркацца. Ён хацеў дадому, да маці.

— Не злуйся, — прамовіў ён. — Я да гэтага не звыклы. У атацы ўсё імгненна, яно выглядае не так. А тут працінае да нырак, нават больш, чым калі полк бяжыць на пару тузінаў аўтаматаў.

Я кіўнуў і глядзеў у акно яму ўслед, пакуль ён не знік. Потым запаліў святло — ну і няхай медсёстры лаюцца на абходзе, маўляў, трэба эканоміць і да таго ж вельмі рана. Я накульгваў, ідучы ў палату да лёгка параненых, але не хацеў пакідаць Брокмана аднаго. Не хацеў я і заставацца з ім у цемры, бо і без гэтага шмат думаў пра тых, што тут памерлі. Таму я лёг на ложак апранутым. Мне падалося, што так будзе лягчэй трываць стогны Брокмана. Потым мне зрабілася абыякава.

Ардынатарская сястра зайшла ў палату раней, чым звычайна. Я адразу ж пацягнуўся выключыць лямпу, але яна не звярнула на гэта ўвагі, падышла да ложка Брокмана і нахілілася.

Крыху паслухала, потым паціснула плячыма. У дзвярах з’явіўся бляклы вузкі твар аперацыйнай сястры.

Я не разумеў, што адбываецца. Як можна апераваць Герхарта?! Я адразу ўскочыў. Аперацыйная сястра ўсміхнулася. Гэта мяне засмуціла, бо калі яна ўсміхалася, за гэтым звычайна хавалася нешта небяспечнае. Магчыма, яна думала пра мяне і хацела яшчэ раз аднесці на бойню.

Але тут яна падышла да Брокмана, а затым прамовіла: «Мы можам паспрабаваць».

Я здзіўлена прыпадняўся. Перад расчыненымі дзвярыма па калідоры пракрочыла групка дзяцей. З імі была маладая дзяўчына.

— Гэта настаўніца, — прашаптала мне сястра. — Яна ляжыць ужо тыдзень у жаночым аддзяленні. Мы расказалі ёй пра Брокмана, і яна прывяла клас, каб Герхарту было радасна на Каляды. Спадзяюся, ён пачуе.

— Што? — запытаўся я, і нейкае падазрэнне сцяла мне дыханне, а яны зайшлі і заспявалі тонкімі галасочкамі: «Я цёмнай ночкай мроіў і бачыў цяжкі сон».

Мяне быццам ударылі, і ўсё ўва мне перавярнулася. Яны пра гэта думалі! У паўасветленай палаце, дзе лунаў пах смерці, у мяне з’явілася адчуванне, што да нас вярнулася страчаная Радзіма, вярнулася і павітала нас. Камяк падкаціў да горла. Але я сабраўся з сіламі і зірнуў на Брокмана: ці чуе ён песню? Першую страфу ён ляжаў не варушачыся. Сястра махнула рукой, і дзеці падышлі бліжэй. Яны пачалі другую страфу. Рукі Брокмана, быццам мышы, замітусіліся па коўдры. Потым ён раскінуў рукі і так ляжаў, быццам скарыўся лёсу. Я падумаў, што гэта канец, але тут ён расплюшчыў вочы — вялізныя, пяшчотныя, з нейкім невытлумачальным выразам. Твар быў падобны да краявіду на кратэры — нерухомы, спустошаны, шэры, — але вочы былі прыгажэйшыя, чым вочы дзяўчыны, якая спявала з дзецьмі. У гэтых вачах быў спакой, якога не было на твары.