Читать «Новыя прыгоды Несцеркі» онлайн - страница 21
Уладзімір Бутрамееў
Пшэбыеўскі. Ды вы ўдвух — і ты.
Несцерка. Заплоцім паночку — толькі распіскаю. Ад вашае жонкі. Памятаеш, Малання, тысячу, што дамаўляліся?
Пшэбыеўскі. Якой жонкі?
Малання. А то не? А то не абяцаў, а то не вянчаліся?
Пшэбыеўскі. Ціха, ціха.
Малання. А то я не пры ўсіх правах!
Несцерка аддае распіску.
Несцерка. Вось і разлічыліся. Адным словам, каму вінен — усе прабачце.
Пшэбыеўскі. Ды што ж мне цяпер рабіць?!
Несцерка. Вяселле гуляць. Такая ўжо тут справа — глядзець трэба. На кірмашы і бык цельны. А купіў мыла — еш, хаця і не міла.
Пшэбыеўскі. Стойце! Гэта разбой! Лакеі — хапайце яго.
Несцерка. Ціха, ціха, паночку, — я таксама не адзін. Гэй, людзі.
Уваходзяць людзі. Шум. Крыкі. Вяселле. Прыбягаюць Кацярына і Андрэй.
Андрэй. Чакайце, дзе ксёндз — і нас таксама.
Агульны шум, крыкі, вянчаюць Кацярыну і Андрэя. Раптам убягае кухар Мустафа, падае ў ногі Пшэбыеўскаму і крычыць: «Мая твая разумей, разумей!» За ім бягуць вартаўнікі і Бургамістр з крыкам «Пярэварацень, пярэварацень!»
Несцерка. Гэй, ваша светласць, — давайце на вяселле. Пасля разберацеся, хто і ў што перавярнуўся. Гуляй, людцы, пакуль вяселле.
Пачынаюцца танцы, песні.
Вось цяпер мне пагуляць,
Пакуль грае скрыпка.
Рукі-ногі не баляць,
Сярэдзіна гібка.
Маладыя хлопцы
Эх, жаніўся мех на торбе,
Будзем танцы танцаваць,
Няма грошай ні капейкі,
Застаецца пагуляць.
Малання.
Мілы мой, харошы,
Не люблю цябе за так,
А люблю за грошы.
Маладыя хлопцы
Без мяне мяне жанілі,
Мяне дома не было.
Я спачатку зажурыўся,
Потым стала весяло.
Андрэй.
Ох, не піў бы і не еў бы,
Усё на мілую глядзеў бы.
Кацярына.
Хоць пад лаваю сядзець,
Ды на прыгожага глядзець.
Маладыя хлопцы
А хто любіць пана,
А хто пападдзю,
А я, дурачок,
Люблю папоўскіх дачок.
З’яўляецца Брындзюкоўна з таўкачом.
Несцерка. Кінь сваю пушку. Дапамаглі сродкі — цяпер твой муж да Маланні ні нагой!
Маладыя хлопцы
Знаў Бог,
Што не даў свінні рог.
А каб баба рогі ўзяла,
Усіх на свеце б забадала.
Несцерка
Ой, без дудкі, без дуды
Ходзяць ногі не туды.
А як дудкі заіграюць,
Ногі ўдзержу не знаюць.
Усе разам танцуюць.
А не ўсё па горы плакаць,
А не ўсё па ім тужыць.
Прыйдзе час — хаця хвілінку
Ды ў вясёласці пажыць.
Заслона апускаецца. Застаецца адзін Несцерка.
Ну, людцы добрыя, закончан баль — і дудкі ў торбу! Вось гэтак і жывём — часам плачам, часам скачам. Торба не груз, сто вёрст не пераход — дарогу топчам, хлеб есца, лапці трэплюцца, а ногі свае, не казённыя, так і хаджу — паміраць няма калі. I пакуль вы, людцы добрыя, смяяцца не развучыцеся — Далібог, не памру. Адным словам, што было — то прайшло, што будзе — то пабачым, а што дрэнна — то не мы. Здаровы бывайце, дабром памінайце, у госці чакайце: здарыцца зноў вашы мясціны праведаць — не праміну зайсці паабедаць.