Читать «Новыя прыгоды Несцеркі» онлайн
Уладзімір Бутрамееў
Уладзімір Бутрамееў
Новыя прыгоды Несцеркі
Дзеючыя асобы
Несцерка — той самы, што і шыла ў мяшку схавае, і сухі выйдзе з вады, што сто год па зямлі ходзіць, а ўсё яшчэ малады.
Пшэбыеўскі — пан багаты, што той чорт рагаты, вус тырчком, галава стручком, з Парыжа фрак, у кішэні пятак, адным словам, франт.
Бургамістр — мясцовая ўлада, прыгажэй за таго гада, нос на семярых рос, сам як сава, затое дужа разумная галава.
Кудрачок Пятро — былы пісар, у маладосці хітры мужычок, у жыцці здаралася ўсяляк, і плакаць, і скакаць мастак.
Кацярына — яго дачка, прыгажэй за ўсіх дзяўчына, вусны што малінка, бровы як сярпочкі, вочы што тыя вішні, каму хочаш зблытаюць мыслі.
Малання — маладуха, нібы тая медавуха, ды ўсё ж глядзі, пальца ў рот не кладзі.
Брындзюкоўна — жонка бургамістра, на расправу быстра, але здараецца, і сама трапляецца.
I каго там яшчэ толькі не было:
Андрэй.
Кухар панскі, татарын.
Салдат Іван, Маланнін муж.
Манах.
Яцак, карчмар.
Адзін з мужыкоў.
Пастух.
Слуга.
Салдат.
Дзяўчаты-танцоркі.
Музыкі.
Вартаўнікі.
Лакеі.
Гараджане.
Стражнікі.
Карціна першая
Карчма. Злева прылавак, за ім Яцак прыбірае посуд. За адным са столікаў сядзіць, апусціўшы галаву, Кудрачок. Больш нікога няма. Потым уваходзіць Несцерка, перад гэтым чуваць, як ён пяе.
Несцерка. Туды еду — сюды еду, карчмы не мінаю. Які чорт яе прыдумаў — Далібог, не знаю. Эгей, Яцак, здароў! Што гэта ў цябе сёння гэтак ціха? Нясі сюды цэлы кумпяк ды палову вядра заціркі. Даўно табе вінен не быў.
Яцак. У доўг — смалы б табе гарачай у глотку! Думаеш, не памятаю кірмаш? Ты што ж гэта мне прадаў?
Несцерка. А тое і прадаў, што ты купіў — на тое і кірмаш. Ды не сярдуй — грошы тыя я ж зноў да цябе ў карчму прынёс. Вядома — грошы. Сёння ў мяне, назаўтра ізноў у цябе. А багацце тваё — галоўнае, неразменнае — пры табе ж засталося
Яцак
Несцерка. Ды як тут не зойдзеш, калі яна якраз ля дарогі стаіць!
Яцак. Я цябе!
Несцерка. Цішэй, цішэй, а то растрасеш багацце сваё, неразменнае.
Кудрачок звяртае ўвагу на шум і пазнае Несцерку, падбягае.
Кудрачок. Несцерка? Ты?
Несцерка. Ды ўсё адтуль — мімаходам. Га — дык гэта ж Кудрачок! I сапраўды, у карчме не прападзеш! Ты ж мяне галодным не пакінеш.
Яны абдымаюцца і ідуць да стала.
Яцак. Каб ты хадзіў мімаходам да самае магілы!
Несцерка
Кудрачок. Не магу ўцяміць.
Несцерка. Бо ім на тым свеце надта дрэнна даводзіцца.
Кудрачок. Чаму ж гэта?
Несцерка. З іх пузам больш як па адным у кацёл не ўлазяць — вось і кіпяць у адзіноце, няма з кім і словам перакінуцца.
Смяюцца і ідуць за стол, садзяцца.
Яцак. У астрог бы ўсіх валацуг, я табе пакажу той свет — сам у пекле будзеш.
Несцерка. Ну, дзякуй, гусінае пяро! Дай табе Бог чарніла і паперы! Расказвай, як жывяце, можаце.
Кудрачок. Ат, што мы… Ты з дарогі — усе навіны пры табе.