Читать «Новыя прыгоды Несцеркі» онлайн - страница 11

Уладзімір Бутрамееў

Малання. Наперад не выхваляйся. Не ведаю, казаць табе або не. (Закрывае падушкаю пабітае акно.) А, цяпер усё роўна. Трэба мне Пшэбыеўскаму вяселле сапсаваць. Хоча ён Кацьку, пісараву дачку, браць.

Несцерка. А навошта табе гэта?

Малання. Даход маю з яго.

Несцерка. Калі пачала — кажы да канца. Паперу аб скасаванні шлюбу навошта брала?

Малання. Добра. Абяцаў мяне Пшэбыеўскі ў Варшаву завезці. Сам падумай, што мне тут. Вернецца Іван — кіне мяне. Мы ж з ім нават у касцёле не вянчаліся, толькі ва ўправе і запісаны. Лепш я сама пра сябе патурбуюся. А Пшэбыеўскага, калі ў рукі ўзяць, то і грошы будуць.

Несцерка. Бачу, ты свайго не мінеш.

Малання. А ажэніцца — памінай як звалі.

Несцерка. Памог бы я табе — мне гэта што вус пакруціць. Але за проста так і сабака не пачэшацца, а мужык задарам і да чорта не пашле.

Малання. Не турбуйся — разлічымся.

Несцерка. Гэта чым жа?

Малання. Пры бабе заўсёды ёсць чым заплаціць. (Падсаджваецца да Несцеркі і падштурхоўвае яго пад бок.)

Несцерка. Бач ты! Яно, канешне, баба ты гладкая. Але ў мяне з гэткае манеты рэшты няма. Мне чырвонцамі трэба.

Малання. Будуць і чырвонцы, але з мяне наперад не выкруціш. Вучаная. Колькі хочаш?

Несцерка. Тысячу.

Малання. Ты што! Тысячу!

Несцерка. А за кукіш — не купіш. Калі я зраблю ўсё як след — у цябе гэтых тысяч будзе што гразі пад свіннёю. Пішы распіску.

Малання. Добра, прайдзісвет. Але наперад — ні грошыка. (Піша распіску.)

Несцерка. Не турбуйся. Толькі зачэпка патрэбна. Парай пану мяне ў лакеі ўзяць. Скажы, маўляў, каб не я — вам бы абаім — крышка. А там справа пойдзе. (Пяе.)

Калі я за справу ўзяўся,

То ўсё будзе гладка.

Не турбуйся, маладзіца,

Пагуляеш сладка.

Малання.

Маё жыта не арана,

Але поле родзіць.

Нікаго я не заву,

Самі ўсе прыходзяць.

Несцерка.

У цябе ёсць тры капейкі,

У мяне тры грошы.

Пацалуй мяне, галубка,

Калі я харошы.

Малання.

Выйду я на вуліцу,

Туды-сюды гляну:

Адзін мне нясе бліны,

А другі смятану.

Несцерка.

Ой, скрыпяць калёсы,

Няма на іх мазі.

Я прыбіўся да цябе

Як свіння да гразі.

Малання.

Як была я маленька,

Калыхала маменька

А як стала падрастаць,

Сталі хлопцы калыхаць.

Несцерка.

Хай цябе, мая галубка,

Чэрці калыхаюць.

Я ж на гэта не прыгодны,

Мяне людзі знаюць.

Лепей я павесялюся.

Чым я бабай задаўлюся.

Карціна пятая

Дом Бургамістра. Стол, крэслы, канапа. Брындзюкоўна адчыняе дзверы, уваходзіць Бургамістр.

Брындзюкоўна. Праходзьце, праходзьце, змучылася чакаючы.

Бургамістр (з асцярогаю). Клопат — адзін клопат. Вось і затрымаўся. Горадам кіраваць…

Брындзюкоўна (лісліва). Канешне, канешне — за ўсім даглядзі…

Бургамістр. Вось і затрымаўся — клопат. На ўсё час патрэбен.

Брындзюкоўна. Вашымі клопатамі горад жыве — сябе не шкадуеце. Адпачніце, павячэрайце.

Бургамістр. Яно і вядома — улада. Сказана ў пісанні: ярмо ўлады.

Брындзюкоўна. Павячэрайце, адпачніце. Стамілася, чакаючы — усё хочаш як лепш, усё як дагадзіць. (Дапамагае распрануцца, збірае на стол.)

Бургамістр. Што гэта сёння, як на свята?

Брындзюкоўна. А для законнае жонкі муж цераз парог — і ў хаце свята. Пасля працы — і паесці і адпачыць.

Бургамістр. Яно, канешне, так…